Эксперт: «На нашым «Тытаніку» вада хвастае, а капітану прапануюць яго пафарбаваць у апельсінавы колер»
Улады вырашылі заняцца прасоўваннем брэнда Рэспублікі Беларусь. Эксперт параўнаў сітуацыю з афарбоўкай карабля, які тоне.
У адпаведнасці з распараджэннем прэм'ер-міністра створана
міжведамасная рабочая група для распрацоўкі дарожнай карты па стварэнні і
прасоўванні брэнда Рэспублікі Беларусь. Да мая 2021 года плануецца завяршыць
гэтую працу.
Эксперт па маркетынгавых камунікацыях і сістэмнаму развіццю
бізнеса Аляксандр Колб уразіўся такой «своечасовасцю» ідэі.
— Дык брэнд ужо быў сфармаваны ў другой палове 2020 года, — цытуе Аляксандра Колба «Салідарнасць» са спасылкай на «Прымус». — І ўсюды Беларусь ужо гучыць у адмоўным
ключы.
Цяпер займацца стварэннем і распрацоўкай вобразу Беларусі, на
думку эксперта, абсалютна бесперспектыўна.
— Гэта як у сітуацыі з «Тытанікам», калі ён
сустрэўся ўжо з айсбергам, ужо вада хвастае па трох-чатырох палубах, ужо
пачалася эміграцыя з Беларусі, дакладней пасадка пасажыраў на шлюпкі, а хтосьці
там з марскіх афіцэраў прапануе капітану: «Чуеш, капітан, а давай мы наш «Тытанік» пафарбуем у радасны апельсінава-аранжавы колер».
Хлопцы, карабель б выратаваць! — адзначае эксперт.
Самым дурным ў гэтай сітуацыі будзе марнаваць сродкі на
перакананне ўсёй планеты. Таму што гэта не дапаможа.
— Пакуль нешта карэнным чынам у Беларусі не памянялася — я
нават не кажу пра змену ўлады, пра вяршэнства законаў, — пакуль няма
асноватворнага падмурка, казаць, што давайце мы зробім прыгожа, банцікі і
рушачкі павесім на вобраз Беларусі, гэта няправільна.
Пры гэтым Аляксандр Колб лічыць, што сёння ёсць два
абсалютна розныя брэнды: самі беларусы і асобна Рэспубліка Беларусь.
— Гэта два розных паняцці. Я думаю, што падзеі з сярэдзіны
2020 года — пачатку 2021 года паказалі ўсяму свету, што ў Беларусі ёсць выдатныя
людзі, таленавітыя, разумныя бясстрашныя людзі. І ёсць іншы бок медаля, як інь
і янь, белае і чорнае, — гэта тая частка, якая жыве ідэямі і думкамі 19 — пачатку
20 стагоддзя. Яны думаюць, што можна ўсё зарэгуляваць, што калі аддаць загад
палепшыць эканоміку і падняць інвестыцыйную прывабнасць і прысвяціць гэтаму
адзін-два ці дзесяць указаў, напісаць пяць пастаноў, то гэта ўсё так і будзе, —
адзначае эксперт.
Аднак, лічыць Аляксандр Колб, усё роўна развіццё цывілізацыі
пераможа:
— Мы цяпер жывем у адным з такіх знакавых, цікавых і
пераломных момантаў, калі, усе тыя, хто сёння хоча жыць па канонах 21
стагоддзя, а не ў 19, прарвуцца вонкі, вызваляцца ад гэтых дрымучых,
камуністычных саўковых кайданоў, і нарэшце Беларусь зойме годнае месца ў свеце.