Экспертыза па факце смерці Пцічкіна завершаная, вынікі пакуль засакрэчаныя
Жана Пцічкіна, маці загінулага 4 жніўня 2013 года ў СІЗА на Валадарскага 21-гадовага Ігара Пцічкіна, атрымала адказы на свае скаргі са Следчага камітэта і Генеральнай пракуратуры.
Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь паведаміў, што скарга аб нязгодзе з хадой расследавання крымінальнай справы па факце смерці Ігара Пцічкіна разгледжаная. Папярэдняе следзтва па гэтай справе працягваецца, таму падставаў для адмены падпіскі ад неразгалошванні ў дачыненні да яе няма.
У адказе Следчага камітэта таксама паведамляецца, што комплексная судова-медычная і судова-псыхіятрычная экспертыза па факце смерці Пцічкіна і аказанні яму медычнай дапамогі завершаная і паступіла ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Але з заключэннем экспертызы маці зможа азнаёміцца толькі пасля завяршэння папярэдняга следства, пра што ёй паведамяць дадаткова.
Генеральная пракуратура ў сваёй адпісцы адказала, што законнасць патрабаванняў Жанны Пцічкінай будзе вызначана пасля вывучэння крымінальнай справы, якая ўжо паступіла ў Генпракуратуру.
__________________________________
15 траўня 2013 году суд Заводскага раёну Менску прысудзіў Ігару Пцічкіну тры месяцы адміністрацыйнага арышту за кіраванне аўтамабілем у перыяд, калі ён быў пазбаўлены правоў. 30 ліпеня малады чалавек сам прыбыў у Заводскі РУУС, адкуль яго накіравалі для адбыцця пакарання ў СІЗА № 1.
4 жніўня родным паведамілі, што Ігар Пцічкін памёр у СІЗА на Валадарскага. Паводле папярэдняй версіі, смерць наступіла ад спынення сэрца. На целе Пцічкіна былі шматлікія драпіны і гематомы.