Эпоха Быкава
19 чэрвеня Васілю Быкаву споўнілася б 94 гады. А яшчэ праз тры дні, 22 чэрвеня, будзе 15 год, як пісьменнік, якога называюць «сумленнем нацыі», пакінуў зямную Беларусь.

Ад сёння пачаўся штогадовы трохдзённы “марафон памяці”, калі беларусы прыходзяць на магілу Народнага пісьменніка, каб ускласці кветкі, запаліць знічы, памаліцца і падзякаваць Васілю Уладзіміравічу.

Зранку да камяня на Усходніх могілках прыходзяць грамадскія дзеячы, літаратары. Заўважаю пісьменніка Уладзіміра Арлова з паэткай Валянцінай Аксак, кошык сініх кветак са стужкай у колер нямецкага сцяга пакідае прадстаўніца Германіі, дзе пэўны час жыў Народны пісьменнік.

Падыходзіць лаўрэат прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава 2016 года рэжысёр Валер Мазынскі.

– Мне пашчасціла быць знаёмым з Васілём Уладзіміравічам, здавалася, яшчэ зусім нядаўна паціскалі рукі адзін аднаму, – распавядае ён карэспандэнту “Новага часу”. – Быкаў, як і Караткевіч, зрабіў вельмі многа для тых, хто яго ведаў – ці ўжывую, ці па творах. Гэта (знаёмства з Быкавым. – НЧ.) было сапраўдным гартаваннем асобы і назаўсёды пакідала ў жыцці сцяжынку, па якой можна было ісці больш упэўнена, разумеючы, што ты такое, што для цябе свет, што для цябе Радзіма. Напэўна, апошняе – самае важнае для беларуса, бо не для ўсіх з нас гэта паняцце мае вялікае значэнне. Але сённяшняя моладзь з больш ранніх гадоў, чым маё пакаленне, усведамляе, што такое Радзіма.
На думку Валера Мазынскага, любая эпоха мае сваіх моцных асоб, але ці параўнальныя яны з маштабам Васіля Быкава — вызначыць час.

Валер Мазынскі і Вольга Гулева
А 12-ай пачынаецца ўскладанне кветак ад Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яго старшыня Барыс Пятровіч зазначае, што 15 гадоў без Быкава былі гадамі фактычнага замоўчвання яго асобы і творчасці.

Барыс Пятровіч
— Колькі б пра тое ні казалі, няма ў беларускіх гарадах вуліц імя Васіля Уладзіміравіча Быкава, няма помнікаў, не выдадзены збор твораў. Але тым не менш, памяць пра Васіля Уладзіміравіча жыве, і, я думаю, няма ніводнага беларуса, які б не ведаў яго імені.
Барыс Пятровіч нагадвае, што Народны пісьменнік зведаў на Беларусі цкаванне і вымушаны быў з’ехаць за мяжу. Але ў апошнія свае дні ён вярнуўся ў Беларусь, каб застацца тут на заўсёды.

Анатоль Вярцінскі
Найбліжэйшы сябар Быкава паэт Анатоль Вярцінскі звяртае ўвагу, якім дзіўным чынам у лёсе пісьменніка перапляліся дні нараджэння і смерці, летняга сонцастаяння і пачатку вайны, і дэкламуе прысвечаны сябру верш.

Паэт Уладзімір Някляеў згадвае, як 15 год таму выбіраў у Фінляндыі камень для помніка Васілю Быкаву. Прыгадвае апошні раз, калі давялося ўзняць чарку з пісьменнікам. Тады ён вельмі смутна выказваўся пра будучыню Беларусі, і” казаў з такім пасылам, як кажуць прарокі”.

— Тым не менш, Беларусь жыве, і тое, як яна жыве ў гэтым свеце, сведчыць пра нейкі цуд, без нябесных сілаў тут не абыйшлося. І гэтая нябесная сіла была дадзеная Васілю Уладзіміравічу, які як ніхто выяўляў свой час.

Уладзімір Някляеў
Васіль Быкаў друкаваўся ў часопісе “Полымя”, рэдактарам якога ў той час быў Сяргей Законнікаў.

Сяргей Законнікаў
— Праўда была святым словам для Васіля Уладзіміравіча, — кажа ён. — Я вам хачу сказаць шчыра, што мне сорамна сёння перад Васілём Уладзіміравічам за тое, што мы маем сёння на сваёй зямлі. Гэты сорам павінен быць асабістым. Хопіць прыкрывацца калектыўным сорамам – народам ці кімсьці яшчэ, нам кожнаму трэба паглядзець у люстэрка.
Дзеля захавання памяці пра пісьменніка шмат — наколькі гэта магчыма ў сённяшняй сітуацыі — робіць Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

Вольга Гулева
— Кожны з нас — звяно ў ланцугу агульнай гісторыі, і ўсе мы пішам сваю старонку. І ёсць асобы, якія вызначаюць прастору, час, эпоху. І будзе эпоха Быкава — тое, на чым будзе выхоўвацца маладое пакаленне, — упэўнена намесніца дырэктара музея Вольга Гулева. — Гэта імя будзе асэнсоўвацца яшчэ доўгія дзесяцігоддзі.

Фота аўтаркі