Фігуры тыдня: Зміцер Дашкевіч, Андрэй Гайдукоў, Міхаіл Грабоўскі
Зміцер Дашкевіч На волю з гродзенскай турмы выйшаў старшыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. Сустракаць палітвязня да турэмнай брамы прыйшлі дзясяткі ягоных сяброў, паплечнікаў і журналістаў.

Людзі чакалі Змітра пачынаючы ад поўначы. Супрацоўнікі міліцыі, якія дзяжураць пры турме, спрабавалі прагнаць «вахтавікоў», маўляў, тыя праводзяць незаконнае пікетаванне, але потым супакоіліся.
Зміцер пакінуў гродзенскую турму ў турэмнай робе. Лідар «Маладога фронту» выглядаў вельмі схуднелым, але бадзёрым. Ён распавёў, што яму загадалі ўжо сёння, у сераду, да 17-й гадзіны з’явіцца ў Мінску ў міліцэйскі ўчастак і зарэгістравацца. «Мяне нібыта выпусцілі з адной малой турмы ў другую, вялікую», — адзначыў вызвалены моладзевы лідар.
Пасля вызвалення Зміцер разам з жонкай Настай вырашыў на кароткі час заехаць у свае родныя Старыя Дарогі, каб пабачыцца з бацькам, які зараз хварэе. Найбліжэйшым часам Зміцер Дашкевіч паабяцаў падрабязна распавесці пра сваё зняволенне, а таксама пра планы на будучыню.
«Мы ўсе вельмі шчаслівыя, што наш сябра выйшаў на волю. Натуральна, ягоная крымінальная справа была сапраўднай правакацыяй напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, каб не даць Змітру ўдзельнічаць у Плошчы, і вельмі шкада, што Зміцер мусіў столькі часу правесці за кратамі», — адзначыў адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі. «Я проста шчаслівая, што Зміцер выйшаў на волю і што ён бадзёры і ўсміхаецца», — дадала жонка і паплечніца Дашкевіча Наста.
З улікам тэрміну, які Дашкевіч адбываў у 2006 годзе ў калоніі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі (артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі), лідар «Маладога фронту» правёў за кратамі амаль тры гады.
Андрэй Гайдукоў

Самы вядомы «шпіён» Беларусі застанецца за кратамі. 27 жніўня судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда адхіліла касацыйную скаргу Андрэя Гайдукова і яго абаронцаў на прысуд Віцебскага абласнога суда ад 1 лiпеня 2013 года. Гэтым прысудам Гайдукоў прызнаны вінаватым у замаху на ўсталяванне супрацоўніцтва на канфідэнцыйнай аснове з разведорганам замежнай дзяржавы.
«Абгрунтаванасць высноў суда аб вінаватасці Гайдукова ў здзяйсненні злачынства, а таксама і правільнасць юрыдычнай кваліфікацыі зробленага па ч. 1 арт. 14 і арт. 356-1 КК ні самім абвінавачаным, ні яго абаронцамі не аспрэчвацца. У пададзеных на прысуд скаргах утрымліваліся просьбы аб змякчэнні прызначанага пакарання ў выглядзе аднаго года шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму», — паведаміла прэс-сакратар ВС Марына Лапо.
Але выклікае пытанне тое, што па словах Лапо, абцяжарваючымі абставінамі прысуду Гайдукову стаў «факт здзяйснення ім злачынства з карысных меркаванняў».
Гэта неяк не стасуецца з тонамі «кампрамату», што выплеснула на Гайдукова дзяржаўнай прэсай напярэдадні разгляду касацыйнай скаргі. Нешта ў «зліве» КДБ было не тое?
Міхаіл Грабоўскі

Форвард зборнай Беларусі па хакеі Міхаіл Грабоўскі знайшоў сабе новую працу. Ён пераходзіць у «Вашынгтон Кэпіталс», паведаміў тэлеканал ОНТ.
Па дадзеных тэлеканала, беларускі хакеіст заключыць кантракт на адзін год, за які заробіць 3 мільёна долараў.
«Мне імпануе стыль гульні «Вашынгтона», гэта каманда атакі, — перадае словы хакеіста афіцыйны сайт НХЛ. — Я проста хацеў гуляць у тым клубе, які зацікаўлены ва мне. Генеральны менеджар каманды Джордж Макфа і галоўны трэнер Адам Оутс сапраўды хацелі бачыць мяне ў камандзе. Ім падабаецца, як я гуляю. Менавіта таму я абраў «Вашынгтон». Думаю, што змагу дапамагчы сваёй новай камандзе».
У мінулым сезоне 29-гадовы хакеіст выступаў за «Таронта Мэйпл лівз», дзе ў 48 матчах набраў 16 балаў (9 шайбаў і 7 перадач). У ліпені кіраўніцтва канадскага клуба выкупіла кантракт форварда. Пагадненне Грабоўскага з «Таронта» з гадавым заробкам у 5,5 мільёна долараў ЗША было заключана да 2017 года. За датэрміновае скасаванне кантракта канадскі клуб выплаціць беларускаму хакеісту 14 мільёнаў 330 тысяч долараў на працягу васьмі гадоў.