Зміцер Дашкевіч сыходзіць з «Маладога фронту»
Зміцер Дашкевіч, лідар зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту», плануе выйсці з гэтай міжнароднай арганізацыі. Такую заяву ён зрабіў 2 верасня падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Naviny.by («Беларускія навіны»).
© Фота Сяргея Гудзіліна.
У каментары БелаПАН, палітык растлумачыў гэта рашэнне, у першую чаргу, сваім узростам: «Мне 32 гады, і калі ты прыходзіш у арганізацыю, дзе палове людзей 16 гадоў, вы думаеце рознымі
катэгорыямі».
Ці пакіне арганізацыю яго жонка Анастасія Дашкевіч (Палажанка), якая зараз з’яўляецца намеснікам старшыні «Маладога фронту», Дзмітрый пакуль не ведае.
Падчас анлайн-канферэнцыі Дашкевіч неаднаразова заяўляў пра сваю падтрымку Паўла Севярынца, сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»
(БХД), які быў асуджаны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 і зараз адбывае пакаранне ў спэцкамендатуры № 7 у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці.
БХД блізкая Дашкевічу па поглядах. «Але я пакуль не хачу далучацца ні да адной палітычнай структуры ці ствараць сваю», — падкрэсліў ён.
У бліжэйшай будучыні Дашкевіч збіраецца сістэматызаваць напісанае ім у турме. «І, калі Бог дасць мудрасці і сіл, напісаць што-небудзь больш сур’ёзнае, паступова выдаючы
гэта», — распавёў палітык пра свае планы.
Зрэшты, Дашкевіч сумняваецца ў тым, што знойдзе такую працу: «Таму ўжо зараз шукаю магчымасць незалежнага заробку праз сціплую літаратурную працу, якой прысвячу бліжэйшыя
паўгода-год», — сказаў ён.
32- гадовы Зміцер Дашкевіч вызваліўся з гарадзенскай турмы № 1 28 жніўня. Ён правёў у зняволенні 986 дзён па абвінавачванні ў «асабліва злосным хуліганстве».
belapan.by