Фінскія тэлежурналісты: Ментальная дыстанцыя паміж Фінляндыяй і Беларуссю — вялізная

Журналісты фінскай тэлерадыёкампаніі “YLEsradio”, якія асвятляюць Чэмпіянат свету па хакеі і пра інцыдэнт з якімі паведамляў шэраг СМІ, наведалі мінскі офіс ГА “БАЖ” ды распавялі пра ўражанні ад працы ў Мінску. 



dscn7171.jpg

“Гэтыя гульні — вашы ці спадара Лукашэнкі?”

БАЖ: Распавядзіце, калі ласка, падрабязней пра інцыдэнт, калі вам не далі правесці вулічнае апытанне. 

 

Кай Кунас (Kaj Kunnas): Безумоўна, у першую чаргу мы павінны асвятляць тут гульню фінскіх “львоў”, браць у іх інтэрв’ю і г.д. Але мы таксама хацелі зрабіць рэпартажы пра беларускае грамадства. Таму ў першы дзень мы пайшлі на кірмаш непадалёк ад “Мінск-Арэны”, знялі некалькі планаў, я зрабіў некалькі стэндапаў – маўляў, вось мы тут, у Мінску, давайце спытаем, што людзі думаюць пра гэтыя гульні...

 

Я запытаў у трох-чатырох чалавек пра хакей, і тут не было складанасцяў. Але потым я пацікавіўся ў аднаго мужчыны: «Як вы лічыце, гэтыя гульні – вашыя ці спадара Лукашэнкі?..»

 

БАЖ: Вы размаўлялі па-англійску?

 

К.К.: Так. І той мужчына размаўляў даволі добра. Але ён не адказаў на гэта пытанне, бо нейкая дама за спіной сказала: «Без каментарыяў». І ён тады глянуў у камеру і, трохі пасмяяўшыся, адказаў: «Без каментарыяў». А дзве-тры хвіліны да нас падышоў праваахоўнік і папрасіў паказаць дакументы, дазвол на здымкі. Зразумела, мы паказалі нашы прэс-карты...

 

baj.by__sites_default_f_98e5631bc569594b2d4de84f25afd778.html

На фота: Кай Кунас

 

БАЖ: Як быў апрануты праваахоўнік?

 

К.К.: Я б не сказаў, што гэта была міліцыя. Але ў яго была рацыя, ён па ёй з некім размаўляў па-руску – не ведаю, пра што. Шкада, што мы не размаўляем па-руску, бо, натуральна, гэта была б зусім іншая гісторыя... Карацей, паразумецца было даволі складана, але потым нейкая жанчына пачала перакладаць, што той казаў.

 

БАЖ: Жанчына з вуліцы?

 

К.К.: Так, з кірмашу. Гэтая жанчына сказала, што таго дакумента, які мы паказалі,  недастаткова. Хаця нам казалі, што будзе дастаткова! Вось у чым была праблема. І ахоўнік сказаў, што нам трэба ісці да адміністрацыі, якая выдасць нам нейкі дазвол на здымкі. Мы не пайшлі, бо ўжо наздымалі дастаткова, і я падумаў, што не варта мітусіцца і нарывацца на лішнія праблемы. Таму мы проста сышлі.

 

Але на наступны дзень мы бралі інтэрв'ю у Арсенія Якавенкі (менеджар па сувязях з прэсай ЧС-2014). Ён трымаўся вельмі адкрыта і сказаў, што яны даводзілі да ўсіх афіцыйных прадстаўнікоў, што акрэдытацыі Міжнароднай Федэрацыі хакея павінна быць дастаткова, а той інцыдэнт быў непаразуменнем. Ну, можа і сапраўды – цяжка давесці інфармацыю да ўсіх... Потым нас запэўнілі, што мы можам рабіць любыя рэпартажы, не толькі пра хакей, бо ў нас ёсць акрэдытацыя. Вось і ўсё. Нічога драматычнага, мы не адчувалі ніякіх пагрозаў.

 

БАЖ: Але ж вы згадвалі іншы непрыемны эпізод з яшчэ адным фінскім журналістам...

 

К.К.: Гэта быў наш калега з іншага фінскага тэлеканала, які валодае правамі на трансляцыю гульняў. Ён здымаў будынак нейкай урадавай установы, і да яго, здаецца, падышоў міліцыянер і сказаў, што здымаць нельга. Гэта было таксама ў першы дзень гульняў. Але з таго часу я больш нічога такога не чуў.

 

Зрэшты, хачу падкрэсліць, што ў Фінляндыі таксама трэба дазвол на здымкі ў гандлёвых цэнтрах у пэўных месцах. Гэтаксама і ў Парыжы, Лондане, Нью-Ёрку – вы не можаце проста так здымаць Эйфелеву вежу ці Мармуровую арку без дазволу. Розніца толькі ў тым, што тут мы думалі, што дазвол у нас ужо ёсць!

 

baj.by__sites_default_f_745592aacbdc33b45248dc9009716c79.html

На фота: Здымачная група “YLEsradio” у мінскім офісе ГА “БАЖ” 

 

“Чым больш суровы рэжым у краіне, тым лепшыя ўмовы для журналістаў”

 

БАЖ: У навінах праходзіла інфармацыя, што пасля непрыемных выпадкаў у Мінску фінскія каналы падумвалі адклікаць сваіх журналістаў.

 

К.К.: Так, гэта была наша тэлекампанія. У студзені гэтага года адказныя за змест трансляцыі асобы наогул казалі, што, калі мы не зможам тут працаваць свабодна, то зусім няма сэнсу ехаць у Беларусь. Але потым мы атрымалі афіцыйнае пацверджанне, што акрэдытацыі на хакей дастаткова, каб рабіць нешта і па-за хакеем, і кампанія вырашыла – добра, едзем.  

 

Пасля згаданага вышэй інцыдэнту з вулічным апытаннем той самы бос, які вырашаў лёс нашай паездкі, пачаў думаць – калі так, то, можа, мы адмовімся? Але потым мы атрымалі афіцыйны адказ, што гэтай акрэдытацыі дастаткова (ад Арсенія Якавенкі – заўв. БАЖ). І наша кіраўніцтва сказала – заставайцеся, працуйце, рабіце рэпартажы пра фінскую каманду, але будзе добра, калі вы зробіце яшчэ пару гісторый.

 

Вельмі складана атрымаць журналісцкую візу ў Беларусь. Гэта была добрая магчымасць для нашай кампаніі, і наш бос усведамляў гэта, прымаючы рашэнне. Магчыма, мы зможам “пашырыць” тэму Беларусі ў Фінляндыі, атрымаўшы тут больш інфармацыі. Гісторыі відавочцаў заўсёды найлепшыя, бо не праходзяць ні праз якія фільтры.

 

БАЖ: Як наконт агульнай атмасферы для працы журналістаў? Вам жа ёсць з чым параўноўваць...

 

К. К.: Ведаеце, чым больш суровы рэжым у краіне, тым лепшыя ўмовы для журналістаў. (Гэтаксама, дарэчы, было на Алімпійскіх гульнях у Пекіне ў 2008 годзе.) Нас сустракалі з усмешкамі, бясплатны інтэрнэт, усе дзверы адчыненыя пасля таго выпадку... Але кожны з нас крыху ведае і адчувае, што нешта ёсць на адваротным баку медаля.

 

У Фінляндыі, Швецыі ці Германіі мне б і ў галаву не прыйшло, што сказанае мной можа быць небяспечным альбо выклікаць скандал. Хіба што я дам расісцкі каментар ці нешта тыпу таго... Але вось калі ў нас бярэ інтэрв'ю беларускае ТБ, мы думаем – уфф, ці варта мне так казаць, ці гэта разумна?.. У гэтым сэнсе я адчуваю розніцу. Паміж нашымі краінамі ўсяго паўтары гадзіны лёту, але ментальная дыстанцыя паміж Фінляндыяй і Беларуссю вялізная, у той час як такой паміж Фінляндыяй і ЗША такой дыстанцыі няма. Хаця, шчыра кажучы, працоўныя ўмовы ў ЗША нашмат горшыя, чым тут, з-за празмерных захадаў бяспекі. Магчыма, гэтае адчуванне небяспекі тут узнікае з-за таго, што нам паказваюць пра вашу краіну ў Фінляндыі? Не ведаю. Але адчуванне ёсць...

 

Я павінен шчыра адзначыць, што вельмі здзіўлены тым, як тут працуе інтэрнэт. Я хваляваўся наконт перагону матэрыялаў у Фінляндыю – думаў, што інтэрнэт марудны і яго будуць адразаць то тут, то там. Але і ў гатэлі, і на “Мінск-Арэне” – ніякіх праблем. У цэлым – у вас больш грошай, больш свабоды, больш усяго, чым мы чакалі ўбачыць...

 

Магчыма, гэта гучыць па-дурацку, але я “калекцыяную” краіны, якія наведаў. Беларусь – 81-я па ліку. І паўсюль, дзе я быў, ёсць добрыя людзі і ёсць дурныя людзі. І гэта вельмі ўніверсальна – у Фінляндыі, у ЗША, у Японіі, у Беларусі ёсць прыемныя людзі і ёсць непрыемныя людзі. Але бадай у любой краіне я адчуваў, што мог бы тут жыць. Ну, хіба што за выключэннем Гаіці... Не ведаю, ці скажу тое самае, калі наведаю Самалі.

 

baj.by