Фотатэрапія: Кароткі, але эфектыўны рэтрыт на Мінскім моры

Гэтая субота ў Беларусі абвешчана працоўнай. Таму многія з нас замест адпачынку на лецішчах ці шпацыру ў парках скіраваліся на працу. Але мы не пакінем вас сам-насам у такі цяжкі дзень і прапануем чарговую падборку фота з тэрапеўтычным эфектам.

Трывожныя навіны не пакідаюць інфапрастору ні на хвіліну, але варта трымаць нервы ў парадку. Каб падвысіць узровень сератаніну, дафаміну і эндарфіну ў арганізме прыгожым вясновым вечарам мы скіраваліся на вядомы амаль усім мінчукам пляж № 5 на Мінскім моры ля Ждановічаў.

Нягледзячы на працоўны дзень, народу тут шмат. Хто смажыць шашлык, хто шумна працягвае нешта адзначаць, хто проста шпацыруе па беразе вадасховішча ці задуменна назірае за захадам сонца. Ёсць і нешматлікія рыбакі. Тут кожны знойдзе сабе адпаведны прытулак: і тыя, хто прыехаў вясёлай кампаніяй, і тыя, каму патрэбны ціхі куток. Можна адпачыць нават ва ўтульным фатэлі на тэрасе адной з кавярняў, якія ўжо працуюць.
А дзе вы адпачываеце? Дзяліцеся з намі расповедамі пра месцы, якія дораць вам спакой і шчасце, і наступныя сеансы фотатэрапіі будуць менавіта адтуль!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: