«Хадзілі, нюхалі каністры». Пад Горадняй па «справе Аўтуховіча» затрымалі пенсіянерку з інваліднасцю

Пенсіянерку Галіну Дзербыш з аграгарадку Абухава пад Горадняй затрымалі 10 снежня. Яе затрыманне звязанае са «справай Аўтуховіча» (ч. 6 арт. 16, ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэксу Беларусі: «Акт тэрарызму»), піша Свабода. Пакараннем за гэта можа быць да 20 гадоў калоніі.

a4d76ec0_6d55_41a6_8bdd_c5df92a2c732_w1023_r1_s.jpg


Назірала за выбарамі, фіксавала парушэнні


Галіне Дзербыш 59 гадоў, мае 2-ю групу інваліднасці. Працавала бухгалтарам у калгасе, на пенсіі займалася гаспадаркай. Была незалежнай назіральніцай на апошніх і ранейшых выбарах у Абухаве, заяўляла пра шмат парушэнняў.
Яе затрымалі ў ейным прыватным доме 10 снежня, правялі ператрус са сваімі панятымі ў прысутнасці малодшай дачкі.
«Калі я прыйшла, усё было перавернута. Суседзі расказалі, што хадзілі і нюхалі каністры ў гаражы, шукалі ў куратніку, у хляве... Параскручвалі ўсе гадзіннікі, нешта шукалі», — расказвае старэйшая дачка пенсіянеркі Настасься.
Галіна мела раней траўму галавы. У яе слабое здароўе.
«Яна магла ўпасці і задыхацца», — кажа Настасся.
Увечары таго ж дня пазванілі з Кастрычніцкага РАУС Горадні і папрасілі прывезці лекі для пенсіянеркі, бо ёй стала блага, падняўся ціск.

Падчас ператрусу забралі чэк на паліва са сметніцы

Анастасія перакананая, што пра ейную маці казаў галава Камітэту дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель 17 снежня перад супрацоўнікамі «Гродна Азот». Ён паведаміў пра затрыманне жанчыны ў «справе Аўтуховіча», якога падазраюць у падпале дому ўчастковага ў Ваўкавыску і машыны міліцыянта ў мікрараёне Альшанка ў Горадні. Галіна Дзербыш раней ніколі не казала сям’і, што знаёмая з Мікалаем Аўтуховічам.
«Яна не магла гэтага зрабіць. Я з ёй заўсёды на сувязі, заўсёды тэлефануем, адведваем. У яе проста няма на гэта часу», — тлумачыць суразмоўніца.
У Галіны вялікая гаспадарка, агарод, куры, 15 бадзяжных катоў на ператрыманні, сабака. Яна вырошчвае 10 кустоў ружаў. Да таго ж пенсіянерка даглядала перыядычна малога ўнука.
У аграгарадку ў жанчыны добрая рэпутацыя. Яна дапамагала каму магла.
«Маці Тэрэза. Я ўсё пыталася, калі гэтае „добрае бюро“ скончыцца. Да яе звярталіся ў розных справах: „Галя, памажы, Галя, памажы“», — успамінае Настасся.
Падчас ператрусу забралі не толькі тэлефоны і цвёрды дыск, але і чэк з запраўкі ў Ваўкавыску на 30 літраў дызельнага паліва за 20 верасня. Чэк ляжаў у сметніцы. У той дзень Галіна з дачкой Настассяй ездзілі ў Камянецкі раён Берасцейскай вобласці па шчанюка каўказскай аўчаркі, па дарозе назад заехалі заправіцца ў Ваўкавыску. Анастасія хадзіла плаціць за паліва, кажа, што чэк, як заўсёды, аддала маці. Падазрае, што тая нядаўна чысціла гаманец і выкінула непатрэбныя паперы.
«Я не ведаю, як яна там трымаецца. У яе столькі хваробаў», — перажывае дачка.
Пасля доўгіх пошукаў Галіну Дзербыш знайшлі ў СІЗА № 1 у Горадні.