Галоўнага рэдактара баранавіцкага выдання «Intex-press» асудзілі за інтэрв'ю з Ціханоўскай
26 красавіка ў Баранавічах суд разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да галоўнага рэдактара «Intex-press» Уладзіміра Янукевіча за «парушэнне заканадаўства аб СМІ». Падставай для разгляду стала апублікаванае на сайце 14 красавіка інтэрв'ю з экс-кандыдаткай у прэзідэнты на выбарах 2020 года Святланай Ціханоўскай.
Уладзіміра Янукевіча выклікалі ў суд як уладальніка сайта «Intex-press», на якім была размешчана электронная версія матэрыялу. Яго абвінавачваюць у парушэнні заканадаўства аб СМІ — ч.5 арт. 23.5 КаАП: «Распаўсюджванне уладальнікам інтэрнэт-рэсурса, не зарэгістраванага ў якасці сеткавага выдання, інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена на інтэрнэт-рэсурсах у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі».
Яму далі максімальна магчымае для фізасобы пакаранне — 20 базавых штрафу (580 рублёў).
Міліцыя таксама пачала адміністрацыйны працэс у дачыненні да юрасобы «Выдавецкі дом "Інтэкс-прэс"» за друкаваную версію інтэрв'ю з Ціханоўскай. На гэты раз — па ч.4 арт. 23.5 («Распаўсюд сродкам масавай інфармацыі інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена»). Тут пагражае да 200 базавых (5800 рублёў) штрафу для юрыдычнай асобы. Гэты матэрыял будзе разглядаць эканамічны суд Брэсцкай вобласці. Дата пасяджэння пакуль не прызначаная.
Акрамя таго, у міліцыі паведамілі, што па факце публікацыі праводзіцца праверка па арт. 361 КК РБ («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).
tut.by