Ганна Севярынец: Гэта і ёсць стратэгія пераменаў і любых перамог

Літаратарка і настаўніца Ганна Севярынец згадвае свайго бацьку , і думае, як яго лёс, яго справы и ягоная спадчына адбіваюцца ў цяперашнім свеце.

Канстанцін Севярынец

Канстанцін Севярынец


Учора раптам падумалася: бацька мой нарадзіўся пры Сталіне, а сышоў пры цяперашнім рэжыме. Можна было б бедаваць з гэтай нагоды і зрабіць якую-небудзь драматычную выснову, піша Ганна Севярынец у Facebook.

Але.

Нічога з вонкавых палітычных абставінаў не перашкодзіла яму пражыць сумленнае жыццё. Нічога не перашкодзіла яму мець сваю праўду і спакойна, без гістэрыкі, вельмі спакойна — адстойваць яе. Тата мой ніколі не меў шмат грошаў і не мог мяняць свет з дапамогай матэрыяльных рэсурсаў, але колькі сабе памятаю, ён ішоў за праўдай і дапамагаў гэтай праўдзе здзяйсняцца.

Ён рабіў грунтоўныя журналісцкія расследаванні карупцыйных схем на Віцебшчыне, абараняў нявінна асуджаных, дапамагаў маладым прабіцца да людзей. Шмат ягонай падтрымкі — у справах маленькіх мясцовых музеяў, суполак, школьных гурткоў, асобных мастакоў.

Пры гэтым пасады, хлебныя месцы, матэрыяльныя выгоды — гэта ўсё для яго заўсёды было не проста не важна, а нават іншым часам і непрыймальна. Любая неабходнасць грызціся за пасаду, за месца, за парадак пры пераліку выклікала ў яго грэблівасць. Яму шмат разоў прапаноўвалі ўзначаліць розныя рэгіянальныя пісьменніцкія альбо журналісцкія структуры, і ён заўсёды катэгарычна адмаўляўся, нават не вагаючыся.  

Ён мяняў жыццё да лепшага проста самім фактам свайго існавання ў праўдзе.

Для нас, ягоных дзяцей, для ўнукаў, для сяброў, для чытачоў, для тых, з кім сутыкаўся, і праз нас ужо цяпер — працягвае гэта рабіць, я спадзяюся. Так, ягонае жыццё фактычна напоўніцу - жыццё пры дыктатурах. Але — і што? У пераменах да лепшага ёсць ягоны важкі ўнёсак, і што важна — ён бясспрэчны, не скампраметаваны ніводным подлым альбо сумнеўным учынкам.

Як па мне, гэта і ёсць стратэгія пераменаў і стратэгія любых перамог.