Гарадскі бюджэт Брэста часткова “рассакрэцілі”, але не для ўсіх

Пасля таго, як група жыхароў Брэста паскардзілася ў абласны Савет дэпутатаў на нежаданне гарадскіх уладаў азнаёміць грамадскасць з мясцовым бюджэтам, яго надрукавалі ў газеце “Брестский вестник”.



ntd.jpg

Аднак, як высветлілася, бюджэт у выданні, заснавальнікам якой з’яўляецца гарвыканкам, змешчаны часткова, і працяг мусіць быць надрукаваны пазней. Акрамя таго, гэтая публікацыя дагэтуль не размешчаная на інтэрнэт-старонцы “Брестского вестника” альбо гарвыканкама.

Як адзначыў адзін з ініцыятараў звароту Ігар Маслоўскі, з атрыманага адказу засталося не зразумелым, ці будуць надалей улічаныя прапановы грамадзян, якія тычацца змяшчэння падобных нарматыўных дакументаў у інтэрнэце, а таксама іх шырокага абмеркавання сярод жыхароў горада яшчэ ў працэсе распрацоўкі (бо зараз грамадскасць не бярэ ўдзел у такіх абмеркаваннях).

“Мы сутыкнуліся з парадаксальным падыходам, калі абласны Савет дэпутатаў зазначае сваім гарадскім калегам пра неабходнасць няўхільна выконваць Закон РБ “Аб зваротах грамадзян”, але ў канкрэтнай сітуацыі, што тычыцца бюджэту, не можа вызначыцца, ці могуць быць прынятыя прапановы грамадзян”, — заўважае Маслоўскі. Паводле яго словаў, прадстаўнікі грамадскасці маюць намер і надалей дамагацца публічнасці падчас прыняцця рашэнняў мясцовымі органамі ўлады, каб у жыхароў Брэста была магчымасць доступу да атрымання такой інфармацыі.