Брэст. Сацыял-дэмакраты прапануюць грамадскасці выказацца наконт платнага наведвання паліклінік

Брэсцкая абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) прапануе мясцовым саветам, прафсаюзам і грамадскім арганізацыям рэгіёну выказаць сваё меркаванне з нагоды ўвядзення платнага наведвання паліклінік.



maslouski_igar.jpg

Ігар Маслоўскі

Як паведаміў БелаПАН старшыня абласной партыйнай структуры Ігар Маслоўскі, адпаведны зварот 10 красавіка накіраваны ў абласны, гарадскія і раённыя саветы дэпутатаў, абласное аб'яднанне прафсаюзаў, абласныя структуры грамадскіх арганізацый "Белая Русь" і БРСМ.
 
Паводле слоў Маслоўскага, у звароце гаворыцца, што 16 студзеня абласная арганізацыя сацыял-дэмакратаў прыняла заяву, у якой выказала пратэст супраць прапановы старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Віктара Дзічкоўскага ўвесці плату за наведванне паліклінікі (5 тыс. рублёў) і знаходжанне ў бальніцы. Партыйцы звярнуліся да грамадзян выказаць сваю пазіцыю па гэтым пытанні, і ніводны чалавек не выказаўся ў падтрымку ўвядзення платных паслуг ва ўстановах аховы здароўя.
"У гэтым звароце мы прапануем мясцовым саветам, прафсаюзам, "Белай Русі" і БРСМ не толькі даць публічную ацэнку выказванням службовых асоб пра неабходнасць увядзення платы за наведванне паліклінік і знаходжанне ў бальніцах, але і далучыцца да нашай партыйнай кампаніі "За бясплатную медыцыну". Лічым, што такія сумесныя дзеянні, скіраваныя на карысць людзям, будуць эфектыўныя", — заявіў Маслоўскі.
У сакавіку брэсцкія сацыял-дэмакраты адкрылі гарачую лінію па пытаннях бясплатнай аховы здароўя, выпусцілі спецыяльны партыйны бюлетэнь і збіраюць цяпер подпісы супраць увядзення платнага наведвання паліклінік. Подпісы плануецца накіраваць у Баранавіцкі гарвыканкам і Брэсцкі аблвыканкам.
Ларыса Шыганава, БелаПАН