Генадзь Фядыніч: «Улада яшчэ раз хоча паказаць, што ўсё знаходзіцца пад яе наглядам»

Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў Праваабарончаму цэнтру «Вясна» сітуацыю з даглядамі актывістаў арганізацыі на беларуска-літоўскай мяжы.



Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. Фота ПЦ "Вясна"

Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. Фота ПЦ "Вясна"

13 сакавіка намеснік старшыні Гомельскага прафкама РЭП Андрэй Стрыжак і рэдактарка сайта praca-by.info Яўгенія Стрыжак былі затрыманыя на беларускай мяжы з Літвой на памежным пераходзе “Каменны Лог” для паглыбленага дагляду без паведамлення прычынаў.

Тыдзень таму, 7 сакавіка, падчас памежнага і мытнага кантролю на станцыі “Гудагай” былі знятыя з цягніка для асабістага дагляду намесніца старшыні прафсаюза Зінаіда Міхнюк і адна з каардынатарак моладзевай сеткі РЭП Ганна Дусь, якія ехалі з Вільні ў Мінск.

"Відавочна, што гэтыя спецслужбы атрымалі нейкі непісьмовы загад, каб актывістаў РЭП, якія будуць перасякаць мяжу, трэба неяк стрывожыць, але гэтыя здыманні з цягнікоў — бессэнсоўныя. Такім чынам, улада яшчэ раз хоча паказаць, што ўсё пад наглядам і пад яе прэсам", — каментуе сітуацыю старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.

Па “справе прафсаюзаў” апыталі ўжо больш 500 чалавек. РЭП не прадстаўляў следчым органам спісы сяброў. Магчыма, такая інфармацыя трапіла з канфіскаванай тэхнікі офіса. Следства працягнулі да 1 траўня.

“У Беларусі яшчэ такога не было, каб грамадскую арганізацыю так шчыльна правяралі па сяброўству. Складваецца ўражанне, што яны наогул хочуць паглядзець, ці існуюць гэтыя сябры прафсаюза, ці гэта проста запісаныя лічбы.  Я лічу, што гэта быў загад зверху, каб праглядзець структуру РЭПа”, — адзначае Генадзь Фядыніч.

Заўтра, 15 сакавіка, у галоўным офісе РЭП адбудзецца прэс-канферэнцыя па падзеях, якія апошнім часам складваюцца ў дачыненні да сяброў прафсаюза.

Нагадаем, раніцай 2 жніўня 2017  года супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі ператрус у мінскім офісе прафсаюза РЭП, а таксама дома ў старшыні прафсаюзу Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара Ігара Комліка.

Затым было абвешчана, што ў дачыненні да абодвух заведзена крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — “ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры”.

Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Абодва лічаць сябе невінаватымі і выплачваць налічаныя ім падаткі не збіраюцца.

spring96.org