Улады ўзмацняюць ціск на сябраў незалежнага прафсаюза
Беларускія ўлады ўзмацняюць ціск на супрацоўнікаў незалежнага прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). За апошні тыдзень чацвёра яго актывістаў былі затрыманыя на мяжы, – кажа сукаардынатар моладзевай сеткі гэтага прафсаюзу Ганна Дусь.
Яна, а таксама намесніца кіраўніка прафсаюза РЭП Зінаіда Міхнюк былі знятыя з цягніка на памежным пункце Гудагай і 3 гадзіны правялі на мяжы.
– У нас быў асабісты дагляд і пільны дагляд нашых рэчаў. Ніякіх прычын, чаму мы там знаходзімся, нам не тлумачылі. Пасля трох гадзін адпусцілі. Зразумела, не тым цягніком, якім мы туды прыехалі. Квіткі нашыя прапалі. Нам нічога не кампенсавалі. Андрэй і Яўгенія Стрыжакі былі затрыманыя ў ноч з 13 на 14 сакавіка на памежным пункце пропуску Каменны Лог. Яны ехалі рэйсавым аўтобусам, з імі адбылася такая ж самая сітуацыя.
Затрыманне адбылося па той жа схеме і без тлумачэнняў. Аднак Андрэй Стрыжак, адзін з лідараў незалежных прафсаюзаў Гомеля, паспеў заўважыць на кампутары памежнікаў нейкую пазнаку і зрабіў выснову, што актывісты РЭПу ўнесены ў адмысловыя спісы. Таму казаць пра тое, што затрыманні на мяжы і пільны дагляд – гэта выпадковасць, не выпадае. «Тое што адбылося мы звязваем з працягам рэпрэсій у дачыненні да незалежнага прафсаюза РЭП. Яны пачаліся ў жніўні мінулага года, калі была заведзена палітычна матываваная крымінальная справа ў дачыненні да кіраўнікоў прафсаюза», – лічыць Ганна Дусь.
Паводле Радыё Рацыя