Генпракуратура Беларусі купілася на фэйк пра дзеда прэзідэнта Дуды
Генпракуратура Беларусі вывучае дзейнасць дзеда польскага прэзідэнта Анджэя Дуды, заявіў генпракурор Андрэй Швед на парламенцкай канферэнцыі «Гістарычная памяць: вялікая перамога, здабытая адзінствам».
«Цяпер мы актыўна дакументуем дзейнасць дзеда польскага прэзідэнта Дуды, які ўваходзіў у склад украінскага карнага батальёна, вызначыўся асаблівай жорсткасцю ў першую чаргу на тэрыторыі Мінскай і Віцебскай абласцей», — прыводзіць АНТ словы генпракурора, піша Еўрарадыё.
У інтэрнэце працяглы час гуляе інфармацыя, быццам стрыечным дзедам Анджэя Дуды быў адзін з камандзіраў Украінскай паўстанцкай арміі Міхайла Дуда-Граменка. Насамрэч гэта фэйк, заснаваны на падабенстве прозвішчаў. Як сведчыць польская Вікіпедыя, сваякі Анджэя Дуды і з боку бацькі, і з боку маці ваявалі ў час Другой сусветнай у польскай Арміі Краёвай на тэрыторыі Польшчы.