Гістарычны архіў на абароне патрэбаў рэжыму

Установа, якая існуе, каб захоўваць і ахоўваць гістарычную спадчыну Беларусі, пасьля шэрагу захадаў займаецца сумнеўнымі ініцыятывамі. Чым вымушаныя займацца супрацоўнікі гістарычнага архіву?

Чалавек, які кіруе архівам сёньня, раней працаваў (хаця былых не бывае) у КДБ

Чалавек, які кіруе архівам сёньня, раней працаваў (хаця былых не бывае) у КДБ

За апошнія гады Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі фактычна разгромлены і зачышчаны. У 2020 годзе, у пасьлявыбарны час некаторыя супрацоўнікі ўстановы публічна падтрымалі дэмакратычны рух, за што ў хуткім часе атрымалі поўны пакет рэпрэсій.

Быў звольнены дырэктар гістарычнага архіва Дзьмітры Яцэвіч, які працаваў з 2012 года – зь ім не працягнулі кантракт, разам зь ім звольніўся яго намесьнік Дзяніс Лісейчыкаў. Пасьля гэтага адбыліся іншыя масавыя затрыманьні і звальненьні супрацоўнікаў. Вядома пра прынамсі 15 такіх выпадкаў.

Дырэктарам першапачаткова быў прызначаны генэрал Алег Воінаў, які перад гэтым праліваў пот у Генштабе Беларусі.

Алег Воінаў

Алег Воінаў

27 лютага 2022 года, пасьля пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, да Алега Воінава (тады – памочніка міністра абароны Беларусі) публічна зьвярнуўся яго родны брат Глеб, які разам зь іх маці жыве ва ўкраінскім горадзе Дніпро: «Цяпер у нас у краіне ідзе вайна. І я б хацеў, каб ты па меры сваіх магчымасьцяў… каб ты спыніў гэтую вайну, каб не было кровапраліцьця далей… Каб ты прыклаў як мага больш сваіх высілкаў, як афіцэр і як чалавек…».

Як афіцэр і як чалавек Алег Воінаў, відаць, абраў служыць злу.

Праз пэўны час ён пайшоў на падвышэньне – узначаліў Дэпартамэнт па архівах і справаводзтву Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Замест яго скарбніцай гісторыі паставілі кіраваць у жніўні 2023 года Міхаіла Глушакова.

Воінаў «выразіў упэўненасьць у тым, што дзейнасьць М. М. Глушакова ў мінулым, яго жыцьцёвы досьвед і веды будуць спрыяць эфектыўнаму рашэньню задачаў, якія стаяць перад НГА Беларусі».

Жыцьцёвы досьвед сёньняшняга дырэктара архіву – гэта праца ў КДБ. Чым жа займаюцца супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі ў апошні час?

Пачнем з апошніх навінаў.

Чырвоны дзень

На афіцыйным сайце гістарычнага архіву не саромеюцца прапагандаваць ленінізм-камунізм. «3 лістапада 2023 года адбыўся ўрачысты сход калектыву НГА Беларусі, прымеркаваны да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі».

Якія прыгожыя літаратурныя формы выкарыстоўвае архіў: урачысты сход калектыву. Відавочна, зараз без урачыстасьці там ніяк, бо інакш – выклік да маёра, ці адразу генэрала, а далей – на вуліцу.

Урачысты сход калектыву

Урачысты сход калектыву

Сёньняшнія захавальнікі гістарычнай спадчыны Беларусі працягваюць: «Штогод 7 лістапада (па старым стылі – 25 кастрычніка) у Беларусі адзначаецца агульнарэспубліканскае сьвята – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. З гэтай датай наша краіна зьвязвае шматлікія перамогі, зьдзяйсьненьні і працоўныя дасягненьні народа Беларусі, пачынаючы з 1917 года, якія і дагэтуль працягваюць заставацца прадметам нашага асаблівага гонару.

Да 1991 года 7 лістапада быў адным з галоўных сьвятаў СССР і насіў назву – Дзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Супрацоўнікаў НГА Беларусі павіншавалі дырэктар Міхаіл Глушакоў, намесьнік дырэктара Ірына Каўганава, старшыня прафсаюзнай арганізацыі архіва Аксана Расказава».

Супрацоўнікам архіва быў паказаны відэаролік, прысьвечаны перамозе Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі ў Менску. Асновай для відэароліка паслужылі кінадакумэнты, якія захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіву кінафотафонадакумэнтаў.

Фільм, які глядзелі супрацоўнікі НГАБ

Фільм, які глядзелі супрацоўнікі НГАБ

Калі вы ўяўляеце працу архівіста галоўнага гістарычнага архіву Беларусі, што вы можаце ўявіць? Зрэшты, у 2023 годзе сьвяткаваць і глядзець нарэзку пра чырвоны тэрор і Леніна – адзінае, што застаецца ў паралельнай рэальнасьці.

Мы не сумняемся ў некаторых супрацоўніках, якія засталіся на працы ў гэтай установе, і пры гэтым захавалі сумленьне, у іх працоўных якасьцях і маральных арыентырах. Але назіраць за тым, куды ўцягваюць гісторыкаў сёньня – балюча і ганебна.

Пасьля чырвонай рэвалюцыі – чырвоная стужка

zalja1.jpg

Камічна выглядае дырэктар-кдбіст і былы дырэктар-генэрал, якія пераразаюць стужачку, прылепленую на скотч – гэта адбываецца ўрачыстае адкрыцьцё чытальнай залі №1.

Як сьцьвярджаецца, рамонт чытальнай залі праходзіў «па індывідуальным дызайнэрскім праэкце» (дзякуй Богу, што не палёныя напрацоўкі з інтэрнэту! – рэд.), які прадугледжвае аснашчэньне кожнага працоўнага месца кампутарам. Пасьля праведзенага рамонту заля сур'ёзна зьмянілася. Пры яе аздабленьні выкарыстаныя сучасныя матэрыялы, абноўленыя месцы для дасьледчыкаў, шафы для захоўваньня вопісаў, каталожныя шафы, усталяваныя мэталічныя стэлажы для архіўных справаў, мадэрнізаваная сістэма відэаназіраньня.

Алег Воінаў выступіў перад калектывам архіва, «распавёў пра перспэктывы разьвіцьця архіўнай справы, пажадаў супрацоўнікам посьпехаў у працоўнай дзейнасьці».

У гэтую залю, разьлічаную на чалавек 15, як вядома, шараговы дасьледчык можа запісацца добра калі раз на месяц. Стварыць умовы для плённай працы безьлічы ахвотных наведваць гістарычны архіў – не, ня чулі.

Супрацоўнікі і высокія спецслужбісты ў адрамантаванай чытальнай залі 

Супрацоўнікі і высокія спецслужбісты ў адрамантаванай чытальнай залі 

У якасьці прыкладу – у суседняй Вільні вы маеце магчымасьць замовіць і атрымаць у архіве патрэбныя дакумэнты ў той жа дзень, калі зьвярнуліся. А працаваць з дакумэнтамі ў вялізнай, прасторнай залі, і не баяцца на тэлефон рабіць фота патрэбных вам старонак. У НГАБ вы будзеце вымушаныя працаваць у гэтай залі, а за спробу зрабіць фота – выганяць (на першы раз можа толькі папярэдзяць).

Юныя камсамольцы

11 лістапада 2023 года кдбіст Глушакоў вырашыў адвесьці душу і прыгадаць маладосьць. У гістарычным архіве Беларусі адбыўся сход супрацоўнікаў (не каб працаваць), на якім былі ўручаныя моладзевыя білеты «БРСМ».

Як паведамляе гістарычны архіў, «у шэрагі гэтага аўтарытэтнага і буйнога моладзевага грамадзкага аб'яднаньня Беларусі ўступілі маладыя супрацоўнікі архіва: Яўген Завацкі (сакратар першаснай ячэйкі ГА «БРСМ» у НГА Беларусі), Ерафей Маракоў, Марыя Маціеўская, Данііл Рубісаў, Арцём Антанюк і Арцём Салаўёў».

brsm1.jpg

На такую ўрачыстую сходку выпісалі першага сакратара Цэнтральнага РК ГА «БРСМ» Менску Данііла Ярмольчыка. Дырэктар архіву, кдбіст Міхаіл Глушакоў і Ярмольчык “распавялі калектыву аб дзейнасьці ГА «БРСМ», павіншавалі новых чальцоў і пажадалі ім посьпехаў”.

Ну і каб ужо не працаваць, так па поўнай, вырашылі у тым жа складзе правесьці другую частку сходу, якая была прысьвечаная “рэспубліканскай інфармацыйна-адукацыйнай акцыі «Беларусь – энергаэфектыўная краіна», прымеркаванай да Міжнароднага дня энэргазберажэньня”.

Калі тамада добры – і конкурсы цікавыя.

На Рэспубліканскай інфармацыйна-адукацыйнай акцыі «Беларусь – энергаэфектыўная краіна»

На Рэспубліканскай інфармацыйна-адукацыйнай акцыі «Беларусь – энергаэфектыўная краіна»

Бясплатная праца

22 красавіка 2023 года працоўны калектыў гістарычнага архіву з радасьцю і натхненьнем выйшаў на рэспубліканскі суботнік.

«Перад пачаткам суботніка быў праведзены мэтавы інструктаж па ахове працы пры выкананьні розных відаў работ. Падчас суботніка супрацоўнікі НГА Беларусі займаліся добраўпарадкаваньнем прылеглай да архіва тэрыторыі і замацаванага за ўстановай участка на вуліцы Даўмана».

praca_8.jpg

«Было праведзена прыбіраньне сьмецьця, высаджаныя кветкі, палепшаны стан газона перад будынкам архіва і на яго заднім двары, ажыцьцяўлялася мыцьцё вокнаў у кабінэтах і сховішчах архіву».

Як жа цудоўна гучыць: ажыцьцяўлялася мыцьцё вокнаў. А вось супрацоўніца, якая стаіць па цэнтры на наступным здымку, прыйшла відавочна не падрыхтаваная для «прыбіраньня сьмецьця» і «паляпшэньня стану газона».

praca2.jpg

Сымбалі

12 траўня 2023 года “група супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі прыняла ўдзел ва ўрачыстым (вы ўжо таксама заўважылі, неўрачыстых не бывае) мерапрыемстве, прысьвечаным Дню Дзяржаўнага сьцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, якое было праведзена ў рамках рэалізацыі Дэпартаментам па архівах і справаводзтве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь пілотнага праэкта «Адкрыты кінаархіў» у актавай зале Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Удзел узялі прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў, кадэтаў Менскага гарадзкога кадэцкага вучылішча, навучэнцаў ваенна-патрыятычнай клясы памежнай скіраванасьці сярэдняй школы № 206.

Дэманстраваліся падрыхтаваныя Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь выстава «Аб дзяржаўных сымбалях Беларусі» і «Геральдыка сучаснай Беларусі», якія выклікалі ва ўдзельнікаў мерапрыемства значную цікавасьць".

scjah_7.jpg

Верым-верым.