Дэгуманізацыя — гэта фундаментальная маральная памылка, або Эмпатыя як лекі ад гвалту

Якім чынам свет можа захаваць сябе і перастаць распачынаць бясконцыя канфлікты? Выглядае на тое, што толькі праз навык суперажывання чужому болю.

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__15__logo_1.jpg

Словы, якія мы выкарыстоўваем для апісання іншых, могуць мець значэнне, калі мы хочам пазбегнуць больш сур'ёзных наступстваў у той ці іншай крызіснай сітуацыі.

Як кажа старая прымаўка, палкі і камяні ламаюць косткі, але лаянкавыя словы не прычыняць шкоды. Ці так гэта? Мы выдатна ведаем з уласнага жыццёвага досведу, што словы здольны нанесці сур'ёзныя раны, піша «Бі-бі-сі».

Што і адбываецца, калі звярнуцца да рыторыкі абодвух бакоў канфлікту, які разгортваецца ў сектары Газа, а таксама іншых супрацьстаянняў па ўсім свеце. Навешванне цэтлікаў, выкарыстанне зневажальных мянушак і старых крыўдных клішэ — усё гэта накіравана на тое, каб выставіць цэлыя групы людзей як... не зусім людзей, як нешта меншае, чым людзі.

Тыя, хто сочаць за бягучым канфліктам паміж Ізраілем і ХАМАС, напэўна чулі, як прадстаўнікі абодвух бакоў у розных формах называюць адно аднаго «жывёламі» і «монстрамі». У вуснах палітычных лідараў і каментатараў гэта, на першы погляд, можа здацца не больш чым рытарычным прыёмам, які здольны зрабіць на слухача моцны эфект.

Аднак у цэлым шэрагу даследаванняў тлумачыцца, чаму нам варта праяўляць павышаную пільнасць у дачыненні да слоў, якія мы выкарыстоўваем і чуем.

«Групы, якія ненавідзяць, якімі пагарджаюць і якія страцілі давер, часта апісваюцца дэгуманізуючым, знечалавечвальным чынам — як пры дапамозе параўнання з жывёламі, так і з выкарыстаннем апісанняў, дзе ім уласціва менш чалавечага», — кажа прафесар псіхалогіі Мельбурнскага ўніверсітэта Нік Хаслам.

«Як ні дзіўна, існуе вельмі мала сведчанняў таго, што дэгуманізуючая лексіка правакуе агрэсіўныя паводзіны, але ёсць нямала доказаў, што падобная лексіка суправаджае такія паводзіны. Людзі, якія знечалавечваюць іншых, як правіла, і ставяцца да іх горш», — кажа прафесар.

Напрыклад, абразы групы людзей з прыпісваннем ім рыс жывёл узмацняюць жаданне ўхваліць прычыненне шкоды гэтай групе — за кошт змянення ўяўленняў пра яе «сацыяльную (не)пажаданасць», гаворыцца ў даследаванні старшага навуковага супрацоўніка групы анлайн-бяспекі Інстытута Алана Цьюрынга Флорэнс Энок і даследчыцы Харыет Овер з Універсітэта Ёрка.


Глядзіце таксама

Даследчыкі правялі эксперымент, у якім паказалі ўдзельнікам апісання некалькі выдуманых палітычных партый. Адны апісанні ўключалі такія словы, як «змеі» або «прусакі», іншыя — негатыўныя чалавечыя характарыстыкі.

«Удзельнікі, якія ацэньвалі партыі, апісаныя з выкарыстаннем «жывёльнай» тэрміналогіі, палічылі іх больш непажаданымі і адчувалі большае імкненне прычыніць ім шкоду», — кажа Энок.

Каталізатарам даследаванняў дэгуманізацыі сталі падзеі Другой сусветнай вайны: псіхолагі спрабавалі вызначыць, як можна падштурхнуць цэлыя народы да вайны і генацыду.

Мемуары, напісаныя хімікам Прыма Леві пра яго знаходжанне ў канцлагеры Асвенцым, служаць адным з такіх прыкладаў.

Нядаўна іх прааналізавала дацэнтка кафедры філасофіі і гуманізму Універсітэта гуманітарных даследаванняў ва Утрэхце (Нідэрланды) Адрыена дэ Руйтэр. Яна прыйшла да высновы, што дэгуманізацыя, якой падвергнуўся Прыма Леві і іншыя вязні нацысцкага лагера смерці, вызваліла ахоўнікаў гэтых лагераў ад усялякіх маральных падстаў больш гуманна абыходзіцца з вязнямі.

Не, яны не прымалі гэтых вязняў за жывёл або монстраў у літаральным сэнсе гэтага слова — нацысты ставіліся да іх як да людзей, якія проста не вартыя таго, каб іх бралі ў разлік.

Гаворачы пра сітуацыю, у якой адбываецца дэгуманізацыя, псіхолагі выкарыстоўваюць тэрмін «іншыя» і «эфект аднастайнасці чужой групы» (яшчэ яго называюць «эфект гамагеннасці аўтгрупы»).

У сацыяльнай псіхалогіі гэты эфект заключаецца ва ўспрыманні прадстаўнікоў груп «чужых» як чагосьці аднастайнага, падобнага адно на аднаго, у той час як свая група («свае») складаецца з індывідуальнасцей, якія адрозніваюцца адна ад адной.

Прасцей кажучы, «яны» ўсе аднолькавыя, а «мы» — разнастайныя асобы.

У якасці ілюстрацыі гэтага эфекту можна прывесці даследаванне 2013 года, праведзенае псіхолагамі Кенцкага ўніверсітэта. Аўтары гэтай працы выявілі, што чым часцей хрысціяне, якія прымалі ўдзел у эксперыменце, асацыявалі словы з мусульманамі, тым больш яны былі гатовы падтрымаць прымяненне катаванняў супраць мусульманскіх ваеннапалонных.

А вось калі даследчыкі давалі хрысціянам тэкст пра мусульманскую культуру, у якім апісваюцца розныя чалавечыя якасці, уключаючы «прагу творчасці» і «працавітасць», рэспандэнты затым радзей выбіралі дэгуманізуючыя словы для апісання мусульман, чым тыя, каму давалі прачытаць больш нейтральны тэкст. Яны таксама былі менш схільнымі ўхваляць прымяненне катаванняў.


Глядзіце таксама

Такім чынам, чым часцей вы чуеце дэгуманізуючае апісанне той ці іншай групы, тым вышэйшая верагоднасць таго, што вы і самі будзеце яе дэгуманізаваць — такое вось заганнае кола.

Але ваша ўспрыманне астатніх можа залежаць і ад вашай уласнай жыццёвай гісторыі.

«Людзі, якія займаюць больш высокае становішча ў грамадстве або якія лічаць сацыяльную іерархію пажаданай, схільныя да дэгуманізацыі іншых», — кажа дырэктар Даследчага цэнтра па вырашэнні спрэчак пры Паўночна-заходнім універсітэце ў штаце Ілінойс Нур Ктэйлі.

Калі казаць пра ўжыванне гвалту, то групы, якія часцей адчуваюць сябе дэгуманізаванымі, у адказ дэгуманізуюць іншых.

«Мы часта маем уяўленне ці хаця б можам выказаць здагадку, наколькі нас саміх падвяргаюць дэгуманізацыі», — адзначае Нур Ктэйлі.

Нур Ктэйлі расказвае пра даследаванне, удзельнікам якога прапаноўвалася ацаніць чалавека па шкале ад 0 да 100 балаў з пункту гледжання ступені яго эвалюцыі (тут ідзе адсылка да вядомага малюнка эвалюцыі — ад малпы да чалавека). У эксперыменце прымалі ўдзел прыхільнікі Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый ЗША.

Аказалася, што дэмакраты і рэспубліканцы лічылі, што іх апаненты ацанілі б іх аж на 60 балаў ніжэй за ўзровень «чалавека», тады як на самой справе іх ацанілі толькі на 20-30 балаў ніжэй. Абедзве групы правільна вызначылі, што іх дэгуманізуюць, але моцна пераацанілі ступень гэтай дэгуманізацыі.

У той жа час даследчыца Ёркскага ўніверсітэта Флорэнс Энок лічыць важным разглядаць выкарыстанне дэгуманізуючай лексікі не толькі з пункту гледжання прычынення шкоды. Прааналізаваўшы антысеміцкую нацысцкую прапаганду, яна выявіла, што вельмі абразлівыя, але «чалавечыя» словы выкарыстоўваліся ў тры разы часцей, чым дэгуманізуючыя.

«Магчыма, не толькі дэгуманізуючыя параўнанні прыводзяць да масавага гвалту, але і ўяўленні пра тое, ці ідзе гаворка проста пра дрэнных людзей, якія заслугоўваюць, каб ім прычынілі шкоду», — кажа яна.

Існуе нямала прыкладаў, калі мы прычынялі шкоду людзям, пры гэтым клапоцячыся пра жывёл, кажа Флорэнс Энок. Прыналежнасць да чалавечага або жывёльнага роду не вызначае, будуць вас абараняць або крыўдзіць.

«Насамрэч, няма аніякіх доказаў таго, што людзі надзелены натуральным клопатам і спачуваннем адно да аднаго, — сцвярджае Энок. — Злачынцы прычыняюць людзям шкоду, нават калі яны цалкам усведамляюць, што перад імі такія ж, як яны самі, людзі».

«Праяўляць клопат пра чалавецтва, нават калі вы самі праходзіце праз велізарныя пакуты, азначае ставіцца да навакольных па-чалавечы», — кажа Нур Ктэйлі.

Гэта сцвярджэнне можа здацца супярэчлівым, але тут ёсць нешта больш тонкае.

Аналіз мемуараў італьянскага хіміка і пісьменніка Прыма Леві, які перажыў Халакост, прадэманстраваў, як адна група людзей можа быць адначасова гуманізаванай і дегуманізаванай.

«Паводле назіранняў навукоўцаў, масавыя злачынствы, уключаючы разню і генацыд, могуць адбыцца толькі пасля таго, як ахвяры гэтых злачынстваў падвергліся дэгуманізацыі», — кажа Адрыена дэ Руйтэр з Універсітэта гуманітарных даследаванняў у Нідэрландах.


Глядзіце таксама

«Аднак пры бліжэйшым разглядзе таго, як меркаваныя вінаватыя ў дэгуманізацыі на самой справе ставяцца да сваіх ахвяр, высвятляецца, што яны не заўсёды лічаць іх «не-людзьмі», — кажа дэ Руйтэр.

На думку даследчыцы, паняцце дэгуманізацыі павінна ўспрымацца шырэй, чым аб'ектывацыя той ці іншай групы або ўжыванне ў дачыненні да яе чальцоў абразлівых «жывёльных» мянушак, так званых анімалістычных эпітэтаў.

З філасофскага пункту гледжання гэта можна разглядаць як свядомую слепату да таго, што ў кожнага чалавека можа быць свой суб'ектыўны досвед. Дэгуманізацыя — гэта не проста мова, гэта «фундаментальная маральная памылка», лічыць яна.

Флорэнс Энок згодна з гэтым пунктам гледжання. У рамках даследавання, праведзенага Энок, удзельнікаў прасілі ацаніць выдуманыя палітычныя групы паводле шэрагу характэрных рыс. Палітычную групу, апісаную з ужываннем «жывёльнай» лексікі, рэспандэнты, як правіла, надзялялі меншай колькасцю станоўчых якасцей, але не меншай чалавечнасцю.

Ступень чалавечнасці гэтай групы заставалася нязменнай, змянялася ступень яе сацыяльнай пажаданасці і яе маральнае аблічча.

Дацэнт кафедры навін і палітычных камунікацый Універсітэта Монаша ў Мельбурне Эма Браянт выявіла гэтую ўласцівасць у мове, што выкарыстоўваецца ў ходзе цяперашняга канфлікту паміж Ізраілем і ХАМАС.

«Сцвярджэнні, што грамадзянскія асобы на самой справе не з'яўляюцца такімі, дазволіла як Ізраілю, так і баевікам ХАМАС дэгуманізаваць мірных жыхароў і забіваць іх, — кажа яна. — Абодва бакі звярталіся да падобнага метаду. ХАМАС заявіў пра гэта кампаніі «Al Jazeera», сцвярджаючы, што пасяленцы на акупаваных тэрыторыях не з'яўляюцца грамадзянскімі асобамі. Ізраіль, у сваю чаргу, неаднаразова атаясамліваў палесцінцаў з ХАМАС».

«У прапагандзе стварэнне лагераў «мы» і «яны» на аснове ключавых каштоўнасцей часта папярэднічае рыторыцы дэгуманізацыі, так што мы загадзя схільны да ідэалогіі адчужэння і недаверу».

Вывучэнне ўплыву лексікі, накіраванай на знечалавечванне, тычыцца ўсіх. Практычна кожны элемент нашай ідэнтычнасці, які можна аднесці да пэўнай групы людзей у цэлым, можа рабіць нас больш уразлівымі.

Так адбываецца з пытаннямі, якія тычацца міграцыі: аўтары аднаго з даследаванняў выявілі, што асацыяцыя пэўнай групы мігрантаў з распаўсюджваннем інфекцыйных хвароб і паразітаў прыводзіць да больш негатыўнага стаўлення да міграцыі ў цэлым.


Глядзіце таксама

Больш свежае даследаванне, праведзенае ў ЗША ў 2023 годзе, выявіла яшчэ сёе-тое цікавае: тыя, хто праяўляе расавыя забабоны ў дачыненні да лацінаамерыканцаў, цалкам могуць падтрымліваць камерцыйныя цэнтры ўтрымання мігрантаў — але ў тым выпадку, калі ў адрас гэтай групы людзей выкарыстоўваюцца дэгуманізуючыя фармулёўкі.

Гэта выяўляецца і ў дачыненні да полу. Даследаванні па гэтым пытанні выявілі, што акцэнт на сексуальных асаблівасцях або функцыях жанчын прыводзіць да іх дэгуманізацыі, да стаўлення да іх, як да жывёл, пазбаўленых чалавечай годнасці. Параўнанне жанчын з «жывёламі-драпежнікамі» з большай верагоднасцю можа прымусіць чалавека пагадзіцца з варожымі сексісцкімі ўстаноўкамі, калі яны апісваюцца з ужываннем такіх, напрыклад, выразаў, як «здабыча».

Аднак існуюць і спосабы спыніць дэгуманізацыю ў дачыненні адно да аднаго. Адным з рашэнняў можа стаць заахвочванне станоўчага досведу зносін паміж рознымі групамі людзей.

Яшчэ адзін спосаб — гуманізацыя аповеду. «Мы ведаем, што гуманізацыя звязана з эмпатыяй. Калі мы чуем пра чалавечую трагедыю, гэта абуджае ў нас вялікую эмпатыю. А калі мы гаворым пра смерці або забойствы мовай статыстыкі, гэта значна менш спрыяе развіццю эмпатыі», — падкрэслівае Нур Ктэйлі.

Калі гаворка ідзе пра канфлікты, Ктэйлі кажа, што для яго ўяўляюць асаблівую цікавасць гісторыі людзей, якія адмаўляюцца, каб перажытыя імі боль і пакуты выкарыстоўваліся для эскалацыі гвалту. «Ёсць людзі, родныя якіх былі ўзяты ў закладнікі — яны не хочуць паўтарэння тых жа пакут з процілеглага боку», — кажа ён.

«Выказваць клопат пра чалавецтва ў моманты, калі вы самі праходзіце праз велізарныя пакуты, азначае бачыць чалавечае ў іншых людзях».