Генпракуратура — за ўвядзенне крымінальнай адказнасці за здзекі з жывёлінаў

Жорсткае абыходжанне з жывёламі, паводле Генеральнай пракуратуры, «замахваецца на грамадскую маральнасць і прычыняе значную шкоду інтарэсам, якія ахоўваюцца крымінальным законам». Гэтак гаворыцца ў адказе Генпракуратуры на звароты абаронцаў жывёл.



images_1_3.jpg

Звароты на адрас Генеральнай пракуратуры цягам месяца дасылалі грамадзяне праз рэсурс zvarot.by. Агулам было адаслана 820 зваротаў. Складальнікі дакументу прапаноўвалі ўвесці крымінальнае пакаранне за здзекі з жывёл. А таксама павялічыць эфектыўнасць ужо існага артыкулу КаАП 15.45 («Жорсткае абыходжанне з жывёлінамі»), каб пратаколы паводле гэтага артыкулу маглі складаць працаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў, а не мясцовых адміністрацыяў.

У адказе гаворыцца, што Генпракуратура падтрымлівае гэтыя прапановы. «Істотна, што гаворка вядзецца не толькі пра ўзмацненне адказнасці да крымінальнай, але і пра тое, каб зрабіць адміністратыўную адказнасць больш дзейснаю і эфектыўнаю», — каментуе адказ юрыст Юрый Чавусаў.

Ініцыятары кампаніі «НЕ жорсткаму абыходжанню з жывёлінамі» выказваюць спадзеў, што рэкамендацыі пракуратуры будуць увасобленыя ў жыццё ў хуткім часе. Але таксама зазначаюць, што само механічнае павелічэнне адказнасці не выправіць сітуацыі кардынальным чынам да той пары, пакуль не будзе прыняты профільны закон аб абароне жывёлінаў.

У межах кампаніі «НЕ жорсткаму абыходжанню з жывёлінамі» валанцёры ўжо падавалі звароты ад групы арганізацыяў абаронцаў жывёл у Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства замежных справаў. Адміністрацыя выказала нежаданне вяртацца да закону бліжэйшым часам, абгрунтоўваючы гэта фінансаваю немэтазгоднасцю. Міністэрства замежных справаў абяцала паспрыяць у выпадку, калі абаронцам жывёл удасца дабіцца пазітыўнай рэакцыі профільных дзяржаўных ведамстваў.

У межах кампаніі ў бліжэйшыя дні будзе пададзены зварот у Адміністрацыю прэзідэнта ад вядомых людзей краіны (музыкаў, пісьменнікаў ды інш.), вядзецца праца над законапраектам.

belsat.eu