Германія святкуе 25-годдзе ўз'яднання
Больш за 40 гадоў Германія была падзеленай — аж да ўз'яднання 3 кастрычніка 1990 г. Сёлета гэтай знакавай падзеі спаўняецца 25 гадоў.
Пасольства Германіі ў Мінску адзначае гэты юбілей сімвалічным інтэрактыўным мерапрыемствам: 13 кастрычніка у 17.30 у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў (Мінск, праспект Газеты «Праўда», 11) у прысутнасці публікі будуць сабраны два пазлы «Германія» памерам каля 3 кв. метраў кожны. З 28 асобных элементаў будзе створана адзінае цэлае — пазлы з контурамі Федэратыўнай Рэспублікі Германія.
Пазлы былі выраблены ў Мінску. Шэфства над афармленнем элементаў пазлаў узялі на сябе Інстытут імя Гётэ, Германская служба акадэмічных абменаў (DAAD) і Цэнтральнае ўпраўленне па справах школьнай адукацыі за мяжой (ZfA). На працягу некалькіх апошніх тыдняў яны ўдзельнічалі ў распрацоўцы дызайну пазлаў.
Беларускія студэнты і школьнікі афармлялі асобныя элементы на тэму «Мая карціна Германіі». У далейшым аформленыя і сабраныя пазлы будуць выстаўленыя ў школах, якія ўдзельнічаюць у ініцыятыве «Школы: партнёры будучыні», а таксама ва ўніверсітэтах.
Вялікі пазл «Германія» сімвалізуе той факт, што германскае адзінства з'яўляецца сумесным гістарычным дасягненнем. Гэта вобразная ілюстрацыя таго, як на шляху да адзінства
складваліся разам шматлікія элементы, кожны з якіх, захоўваючы сваю
важнасць, быў падпарадкаваны агульнай мэце адзінства.
Акцыя «Разам да адзінства», якая праходзіць у 34 германскіх прадстаўніцтвах ва ўсім свеце, нагадвае пра ўрок дыпламатыі таго часу.
Цэнтральным кампанентам акцыі з’яўляецца інтэрнэт-партал www.zusammen-zureinheit.de: інтэрактыўныя элементы, віртуальны адлік часу і блог
інфармуюць з розных мясцін пра святочныя мерапрыемствы ва ўсім свеце. Інфармацыю пра гэтую акцыю
Пасольства Германіі ў Мінску поруч з блогам размяшчала таксама на сваім сайце www.minsk.diplo.de і на старонцы ў Facebook.