Гомельскі абласны суд скасаваў рашэнне аб высылцы грамадзяніна Украіны
Гомельскі абласны суд адмяніў рашэнне суда Буда-Кашалёўскага раёну і пастанову аб высылцы з Беларусі 40-гадовага ўкраінца Сяргея Працэнкі, паведамляе Радыё Свабода.
Рашэнне вынесла суддзя Гомельскага абласнога суду Сняжана Ягорава.
Сяргей Працэнка падзякаваў журналістам і праваабаронцам. У першую чаргу ён патэлефанаваў жонцы і папрасіў «рашчыніць цеста на пірог». «Пячы вялікі, бо трэба і Леаніда Леанідавіча пачаставаць, і Андрэя», – сказаў ён.
«Гэта непрапарцыйнае ўмяшанне ў прыватнае жыццё»
У судовых спрэчках праваабаронца Андрэй Стрыжак нагадаў, што адміністрацыйнае правапарушэнне пасля году лічыцца ануляваным. Разам з тым прадстаўнікі Буда-Кашалёўскага РАУС, прымаючы рашэнне пра высылку Сяргея, спасылаліся на правапарушэнні, якія зрабіў украінец у 2011ці 2016 годзе.
«Гэтыя правапарушэнні не могуць прымацца ў разлік як прававыя падставы для высылкі, гэта супярэчыць Грамадзянскаму кодэксу», – адзначыў праваабаронца.
Ён нагадаў суду, што ў Гомельскай вобласці за апошнія два месяцы трое замежных грамадзян сталі ахвярай гэтай сістэмы – высылкі за дробныя правапарушэнні. Яны скончылі жыццё самагубствам.
«Мне не хацелася б, каб такая статыстыка павялічвалася. Суд сёння можа пакласці канец такому падыходу з боку міліцыі. Безумоўна, закон адзіны і для беларусаў, і для замежных грамадзян. Але ў гэтым выпадку мы маем справу з непрапарцыйным умяшаннем у прыватнае жыццё», – дадаў Андрэй Стрыжак.
«Куфаль піва і жыццё чалавека – несувымерныя рэчы»
Праваабаронца Леанід Судаленка акцэнтаваў увагу, што ў выпадку з замежнымі грамадзянамі нават за разавае з'яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане – вобразна кажучы, за куфаль піва – іх могуць выслаць.
«Для мужчыны ў 40-50 гадоў высылка – гэта разрыў сацыяльных, сямейных сувязяў, гэта асабістая трагедыя. Хто б выйграў ад высылкі Сяргея? Ніхто. Спадзяёмся, што практыка прымянення права будзе змяняцца, бо бачым несувымернасць пакарання: куфаль піва і жыццё чалавека – несувымерныя рэчы», – дадаў Леанід Судаленка.
«Чалавек для дзяржавы – не тая мадэль, якой хочуць беларусы»
Андрэй Стрыжак лічыць, што сённяшняя перамога ў судзе адбылася дзякуючы ўзаемадзеянню незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці, праваабарончага цэнтру «Вясна» і прафсаюзу РЭП. «Вялікая ўдача, што нам удалося дабіцца гэтага рашэння менавіта такім чынам – публічна, адкрыта і з выкарыстаннем шырокага ахопу людзей, якія падтрымлівалі Сяргея. Працэс Працэнкі стаў яшчэ адной кропкай, калі беларускія грамадзяне ў чарговы раз кажуць, што Беларусь павінна быць справядлівай дзяржавай, у якой прытрымліваюцца правоў чалавека, ёсць прэзумпцыя невінаватасці і прэзумпцыя даверу.
«Чалавек для дзяржавы – не тая мадэль, якой хочуць беларусы», – упэўнены праваабаронца.
Узгадваючы траіх расейцаў, якія скончылі жыццё самагубствам, Андрэй Стрыжак папрасіў тых, хто трапляе ў падобныя сітуацыі, тых, хто адчувае, што няма выйсця – не рабіць апошні крок.
«Безвыходных сітуацый не бывае, і справа Працэнкі гэта паказвае», – зазначыў праваабаронца.
Сяргей Працэнка дзесяць гадоў жыве ў Беларусі. Ён ажаніўся з жыхаркай Буда-Кашалёва. Сям’я выхоўвае траіх дзяцей, якім два, чатыры і дзевяць гадоў.
У кастрычніку 2018 году Буда-Кашалёўскі РАУС прыняў рашэнне аб высылцы Сяргея з Беларусі на тры гады – за адміністрацыйнае правапарушэнне. Мужчыну нападпітку на вуліцы затрымала міліцыя. Гэта і стала падставай для ягонай высылкі.
Рашэнне аб «высылцы шляхам добраахвотнага выезду з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах грамадскай бяспекі» прыняў Буда-Кашалёўскі РАУС. Скарга ў абласную міліцыю не прынесла плёну. Суд Буда-Кашалёўскага раёну пакінуў рашэнне міліцыі ў сіле.
Сяргей Працэнка звярнуўся па юрыдычную дапамогу ў гомельскае прадстаўніцтва праваабарончага цэнтру «Вясна». Супольна з незалежным прафсаюзам РЭП праваабаронцы падрыхтавалі скаргу ў Гомельскі абласны суд. Украінец уступіў у прафсаюз РЭП.
Скаргу ў Гомельскім абласным судзе ў апеляцыйным парадку разглядала калегія пад прадстаўніцтвам суддзі Валянціны Лукашэнкі.
За апошнія 2 месяцы стала вядома прынамсі пра тры выпадкі самагубства грамадзян Расеі, звязаныя, як мяркуецца, з ануляваннем віду на жыхарства і пагрозай высылкі з Беларусі.
35-гадовы Сяргей Барысаў з Лоева, які пражыў у Беларусі 17 гадоў і атрымаў рашэнне аб высылцы на 4 гады, пакінуў запіску: «Я ня ведаю, куды ехаць. Для іх гэта проста, а для мяне – у нікуды». У Барысава засталіся брат-інвалід, маці-пенсіянэрка.
У Буда-Кашалёве ў бацькі шасцярых дзяцей Віталя анулявалі від на жыхарства і пагражалі выслаць на 10 гадоў. Сяргея звольнілі з мясакамбінату, ён ня меў 100 рублёў, каб аплаціць афармленне часовага дазволу на пражыванне. Ад безвыходнасці Віталь учыніў самагубства.
31 снежня 2018 году добраахвотна скончыў жыццё 68-гадовы жыхар Брагінскага раёну Мікалай Дземідзенка. Раней Мікалай жыў у Карэліі, меў яшчэ савецкі пашпарт, ніяк ня мог зрабіць новы. У яго былі штрафы за адміністрацыйныя правапарушэнні – з'яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. Ён злоўжываў алкаголем, таму ня мог даць рады аформіць дакументы.