Гомельскі гісторык прапануе стварыць новы турыстычны веламаршрут
Гісторык і грамадскі актывіст з Гомеля Яўген Меркіс прапануе ўладам рэгіёна заняцца развіццём паляўнічай сядзібы князёў Паскевічаў пад Гомлем у Каранёўцы.

Для прыцягнення ўвагі да існых праблемаў неабыякавы гомелец нават зняў адмысловае відэа.
«Справа ў тым, што я вельмі люблю ездзіць у Каранёўку на ровары. Але на дадзены момант існуе шэраг праблемаў, якія ўскладняюць яе наведванне, хоць у мястэчка ёсць някепскі турыстычны патэнцыял», — лічыць Яўген Меркіс.
Дзеля актывізацыі прац у дадзеным накірунку актывіст стварыў анлайн-петыцыю з заклікам стварыць да Каранёўкі пешаходна-роварную сцяжынку. На думку Меркіса гэта дазволіць павялічыць бяспеку ўдзельнікаў руху, падвысіць развіццё экалагічнага турызма і здаровага ладу жыцця.

Падпісацца пад петыцыяй можа кожны ахвотны.
Актывіст мяркуе даслаць шэраг зваротаў і ў іншыя дзяржорганы, каб палепшыць камфортнасць знаходжання на тэрыторыі сядзібы.