Гродна: улады хочуць закрыць пляцоўку, дзе валанцёры шыюць камбінезоны медыкам

Гродзенскія валанцёры, што займаюцца пашывам камбінезонаў для медыкаў, могуць застацца без пляцоўкі, якую прадаставіў пад працу валанцёраў дзіцячы хоспіс імя Святога Губерта.


h5.jpg



Пра праблему распавядае “Радыё Рацыя” дырэктарка хоспіса Вольга Вялічка:

– Да мяне падышла галоўная лекарка паліклінікі, і мы спрабавалі вырашыць, якім чынам знайсці не кансэнсус, а кампраміс, каб яны маглі зрабіць чыстую і брудную зоны. І для мяне было вялікім здзіўленнем, калі ў хоспіс прыйшоў намеснік галоўнага лекара Цэнтральнай паліклінікі. Гаворка ішла не пра тое, якім чынам зрабіць чыстую і брудную зоны, каб былі задаволеныя ўсе, а гаворка ішла пра тое, што будуць напісаныя нейкія лісты.

Дызайнерка Святлана Пінчук, што кіруе валанцёрамі ў дзіцячым хоспісе, таксама мела размовы з кіраўніцтвам паліклінікі:

— Ва ўльтыматыўнай форме вельмі настойліва параілі закрыць вытворчасць і пераехаць у больш зручнае, па іх меркаванні, памяшканне. Гэта была жорсткая рэкамендацыя, якую мы не можам нават абмяркоўваць, што ім гэтае памяшканне больш важнае, чым нам. Нам было прапанавана пераехаць у памяшканне, дзе нізкая столь, няма добрай вентыляцыі, дрэннае асвятленне. Чым мне гэтае памяшканне яшчэ не падабалася, тым, што яно выходзіць на агульны калідор, дзе будуць хадзіць з тых жа чыстай і бруднай зонаў.



Цягам месяцу валанцёры, што працуюць у хоспісе, пашылі каля 700 камбінезонаў для гродзенскіх медыкаў. Таксама частку камбінезонаў атрымала і дзіцячая паліклініка, дзе хоспіс арандуе памяшканне.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіч