Гродзенскаму дзіцячаму хоспісу трэба новае памяшканне — але ўлады прапануюць яго толькі за грошы

Гродзенскі дзіцячы хоспіс — некамерцыйная недзяржаўная арганізацыя, якая існуе ўжо 11 гадоў. Цяпер пад апекай спецыялістаў установы знаходзяцца 55 дзяцей, якім патрэбна паліятыўная дапамога. Нядаўна арганізацыя сутыкнулася з праблемай: памяшканняў, якія арандуе хоспіс, стала катастрафічна не хапаць — бо гэта ўсяго два кабінета ў гарадской дзіцячай паліклініцы № 2. Тады арганізацыя звярнулася па дапамогу да гарадскіх уладаў — дапамагчы з новым памяшканнем і выдзеліць яго на бязвыплатнай аснове. Але атрымала адмову.

khospis_grodno_peticiya_1.jpg

Мясцовыя ўлады спасылаюцца на закон — хоспіс не ўваходзіць у спіс арганізацый, якім належыць аддаваць памяшканні ў бязвыплатнае карыстанне. Але дырэктар арганізацыі Вольга Вялічка ўпэўненая: немэтазгодна марнаваць грошы дабрачынцаў на арэнду або куплю будынка, калі сродкі так неабходныя цяжкахворым дзецям.
Зараз супрацоўнікі хоспіса запусцілі ў інтэрнэце петыцыю з просьбай да мясцовых уладаў усё-ткі даць новы будынак (памяшканне) Гродзенскаму дзіцячаму хоспісу для аказання якаснай паліятыўнай дапамогі цяжкахворым дзецям.
Петыцыю пакуль падпісала больш за 600 чалавек.
 — Зараз у хоспісе ёсць толькі два кабінета, дзе працуе 7 супрацоўнікаў, паслугамі хоспіса карыстаецца 55 дзяцей. На такіх плошчах якасна аказваць паслугі мы проста не можам. Не таму што не ўмеем ці ў нас няма абсталявання: усё неабходнае ёсць, толькі плошчаў не хапае. Трэба разумець, што, калі дзіця цяжкахворае, яму аказваюцца, як правіла, індывідуальныя паслугі, з ім адным асобна працуе спецыяліст. Такі занятак павінен доўжыцца каля 30 хвілін — мінімум, а то і цэлую гадзіну. Але на нашых плошчах мы прымаем адначасова і па два, і па чатыры чалавекі. Бацькі на гэта ўсё, вядома глядзяць з разуменнем. Але калі б у нашай краіне была развітая сістэма сацыяльных паслуг, то да нас бы яны не пайшлі, — распавяла TUT.BY Вольга Вялічка.
Хоспіс аказвае паслугі цяжкахворым дзецям бясплатна і існуе за кошт грантаў і дабрачыннасці.
 — 14 кастрычніка мы атрымалі адказ ад выканкаму на наш запыт аб прадастаўленні будынка. Дзіцячы хоспіс не ўваходзіць у Пералік юрыдычных асоб і ІП, якім нерухомая маёмасць, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, прадастаўляецца ў бязвыплатнае карыстанне, зацверджаны Указам кіраўніка дзяржавы ад 29.03.2012 № 150. Цяпер мы накіравалі прапанову ўладам, каб нас уключылі ў дадзены спіс, але гэта ўсё можа расцягнуцца ў часе, — кажа Вольга.
Пакуль жа Гродзенскаму дзіцячаму хоспісу прапануюць тры памяшканні — для арэнды або куплі на аўкцыёне. Напрыклад, дом па вуліцы Сыракомлі, 9. І гэты будынак, на думку Вольгі, быў бы проста ідэальным варыянтам для размяшчэння хоспіса. Але ёсць праблема — раён, дзе знаходзіцца дом, да 2030 года плануецца рэканструяваць пад шматкватэрную забудову.
Другі прапанаваны варыянт — капітальная пабудова па вуліцы Рэпіна, 5а, якую хоспіс можа набыць на адкрытым аўкцыёне, але ён ужо адбыўся 8 кастрычніка. І трэці варыянт — вуліца Акадэмічная, 14, дзе трэба ўладкаванне асобнага ўваходу.
 — У горадзе шмат пустых дамоў. І мы не просім грошай на рамонт і ўладкаванне памяшканняў — толькі самі плошчы, — кажа Вольга.
За час існавання дзіцячага хоспіса ў Гродне, тут з'явіўся ўнікальны сенсарны пакой, запусціліся цікавыя праекты, напрыклад, вялікі праект па навучанні людзей з інваліднасцю хэнд-мэйду.
tut.by