Гродзенскія ідэолагі адмаўляюцца аднаўляць помнік паўстанцам Касцюшкі
Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама не лічыць неабходным аднаўляць помнік паўстанцам Тадэвуша Касцюшкі, паведамляе «Еўрарадыё».
Пра гэта гаворыцца ў лісце за подпісам начальніка ўпраўлення А.Вярсоцкага, які публікуе ў Фэйсбуку кіраўнік Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.
Помнік у гонар паўстанцаў Касцюшкі стаяў у вёсцы Паляны Ашмянскага раёна і быў дэмантаваны яшчэ ў савецкі час.
"Ашмянскім райвыканкамам праведзенае апытанне жыхароў в.Паляны Жупранскага сельсавета, падчас якога высветлілася, што мясцовымі ўладамі ў 70-80-я гады ХХ стагоддзя было прынятае рашэнне пра дэмантаж помніка ў сувязі з яго нездавальняючым станам і значнымі разбурэннямі. Таксама жыхары в.Паляны лічаць немэтазгодным аднаўленне гэтага помніка", — заяўляе чыноўнік.
Дарэчы, у Беларусі першы помнік самому кіраўніку паўстання Тадэвушу Касцюшку быў адкрыты 12 траўня 2018 года на яго радзіме ў Марачоўшчыне. Грошы на помнік сабралі прыватныя асобы.