Хроніка пераследу: затрыманні, суды, арышты (абнаўляецца)

У Беларусі штодня адбываюцца масавыя затрыманні удзельнікаў «Маршаў недармаедаў», якія прайшлі ў розных гарадах. Лік затрыманых і асуджаных ідзе на сотні.

0324_hdz_kastrych_01_2wfgf.jpg

Бабруйск. Тут працягнецца разгляд адміністрацыйнай справы Галіны Смірновай. Яе затрымалі ў маршрутцы, калі яна вярталася з Мінску.  Актывістку вінавацяць па арт. 23.34 КаАП за тое, што яна змясціла на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках інфармацыю пра Марш недармаедаў, што плануецца на 26 сакавіка ў розных гарадах краіны. Супрацоўнікі ГАУС Бабруйска ў адносінах да Галіны Смірновай склалі пратакол апытання. У яе адабралі ноўтбук і тэлефон, што былі пры ёй. Учора Смірнову адпусцілі з міліцыі, сказалі каб заехала у пракуратуру на размову. Суд пачнецца сёння ў 16.30.

Галіна Смірнова

Галіна Смірнова

Брэст. У судзе Ленінскага раёна Брэста суддзя Шурын 23 сакавіка ў 11-30 працягне разгляд адміністрацыйнай справы Наталлі Папковай за Марш недармаедаў. Судовае паседжанне пачалося ўчора ўвечары, аднак яго давялося перанесці, паколькі Папкова запатрабавала адваката. Наталлю асудзілі да 7 сутак арышту.

За брэсцкім удзельнікам акцый пратэсту Андрэем Марачам, які атрымаў 10 сутак, прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Калі бацькі Андрэя пасля суда прывезлі сына на адсідку ў ІЧУ, яго не захацелі браць, маўляў, пастанова суда не набыла законнай сілы Па інфармацыі праваабаронцы “Вясны” Уладзіміра Вялічкіна, сёння ранкам актывіста забіраюць з хаты. Міліцыянты грукалі і званілі ў дзверы ад самага вечара. Андрэй Марач — удзельнік Марша недармаедаў, які ўжо адседзеў 5 сутак па арт. 23.34 КаАП, а зараз міліцыянты яго абылгалі і суд прызначыў 10 сутак нібыта за дробнае хуліганства.

Гомель. У Цэнтральным судзе ў 9.15 пачаўся разгляд адміністрацыйнага пратаколу у дачыненьні да інваліда Андрэя Макарава, складзенага начальнікам аддзелу аховы грамадзкага парадку Цэнтральнага РАУС падпалкоўнікам міліцыі Уладзіславам Шукелем паводле артыкулу 23.34 КаАП. Інваліда вінавацяць у закліках на несанкцыянаваную акцыю пратэсту, распаўюджаных праз «Фэйсбук».

Андрэй Макараў атрымаў 7 сутак.

У судзе Чыгуначнага раёну Гомеля а 10-й гадзіне пачынаюцца суд над Мікалаем Пяшко і моладзевым актывістам, блогерам Арцёмам Шарапавым. Іх вінавацяць ў распаўсюдзе ў «Фэйсбуку» заклікаў да ўдзелу ў акцыі пратэсту на Дзень Волі.

У гэты ж час у Савецкім судзе Гомелю судзяць за такія ж «правіннасці» грамадскіх актывістаў Андрэя Толчына і Юрася Захаранку. Яны атрымалі па 8 сутак.

Мінск. У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 24 сакавіка ў 10.15 пройдзе суд над намеснікам старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалаем Казловым.

Ён атрымаў ад суда Цэнтральнага раёна Мінска 4 сутак арышту, пасля гэтага працэсу сп. Казлова павезлі ў суд Савецкага раёна.

У судзе Партызанскага раёна судзяць Яўгена Міхасюка. Быў затрыманы ўчора. Пратаколы складзеныя па артыкулах 23.3 і 17.3 КаАП РБ.

У Кастрычніцкім судзе Мінска на сем сутак адміністратыўнага арышту асудзілі грамадскага актывіста Паўла Юхневіча. Яго абвінавацілі ў хуліганстве: Юхневіч нібы нецэнзурна лаяўся на адрас супрацоўнікаў міліцыі і не рэагаваў на заўвагі. Сведкамі выступалі міліцыянты Іван Сукач і Ігар Манахаў.

Полацк. “Віцебская Вясна”  паведамляе, што ў Полацку праваабаронцу Юрыю Бельскаму 23 сакавіка міліцыянты спрабавалі ўручыць позву. Юрыя запрашалі прыйсці 24 сакавіка ў 16:00 у Следчы камітэт. Па інфармацыі, атрыманай ад прафсаюзнага актывіста Віктара Стукава, у Полацку позвы у Следчы камітэт атрымалі агулам 7 чалавек, ён спасылаецца на прадпрыймальніка Генадзя Бердзянева, які кантактуе з прадпрыймальнікамі Полацкага рынка. Позвы атрыманы на розны час 24 сакавіка. Прозвішчы удакладняем.

Нясвіж. 24 сакавіка адбудзецца суд над Іллёй Мікулічам. На яго складзены пратакол па артыкуле 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. Ягоны рэпост у vk.com пра мітынг у Нясвіжы 26 сакавіка расцанілі як парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Пачатак судовага паседжання ў 12-00.

Слонім. Сёння тут судзяць Віктара Марчыка. Яго схапілі людзі ў цывільным пасля Марша недармаедаў. Першае паседжанне адбылося 20 сакавіка, але Марчык хадайнічаў аб тым, каб яму далі магчымасць скарыстацца паслугамі адваката. Суд быў перанесены на 24 сакавіка. У выніку Віктара Марчыка асудзілі на 5 сутак.

Чачэрск. Арцёму Кавалёву суд прысудзіў 10 сутак арышту.  Яго затрымалі 23 сакавіка і да суда змясцілі ў пастарунак. Юнак з бел-чырвона-белым сцягам быў у жывым эфіры "Радыё Свабода" з «Маршу недармаедаў» у Гомелі 19 лютага.

Паводле spring96.org