Хронікі рэпрэсій. Стала вядома, навошта сілавікі прыходзілі ў «Белагра». Прычына вас не здзівіць
Сабралі інфармацыю ад праваабаронцаў і з медыя пра палітычны пераслед беларусаў 29 верасня.
![1654685029_vystavka_belagro_2022.jpg 1654685029_vystavka_belagro_2022.jpg](/img/v1/images/1654685029_vystavka_belagro_2022.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сёння сілавікі прыйшлі з ператрусам у кампанію «Белагра». Пазней стала вядома, што гэта было звязана з тым, што ў 2020 годзе яе супрацоўнікі падтрымалі пратэст.
Пра гэта ў «пакаяльным відэа» сказаў затрыманы супрацоўнік кампаніі Кірыл Малянтовіч. Таксама ён «прызнаецца» ў тым, што быў
падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і пакідаў у іх абразлівыя
каментарыі.
![Сілавікі прыйшлі з ператрусам у «Белагра» Сілавікі прыйшлі з ператрусам у «Белагра»](/img/v1/images/belahra.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Суд Цэнтральнага раёна Мінска яшчэ 26 верасня асудзіў 54-гадовую Вольгу
Кавалёву да трох гадоў калоніі паводле трох крымінальных артыкулаў:
369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 368 («Абраза суддзі»), 364 («Пагроза гвалту ў адносінах да супрацоўніка міліцыі»). Вядома, што пракурор запрошваў для жанчыны
два гады зняволення, але суддзя Дзмітрый Карсюк вынес больш жорсткае пакаранне
— тры гады калоніі.
Вольгу затрымалі 17 траўня ў Мінску, і з таго часу яна знаходзілася пад вартай.
![Затрымалі бацьку «каліноўцаў» Затрымалі бацьку Яна Мельнікава, аднаго з «каліноўцаў»](/img/v1/images/bielaruski_sviet_1.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Паводле слоў жонкі палітвязня Алены Гундар, увечары 17 верасня
Уладзіміра Гундара змясцілі ў карцар на 10 сутак. Ён адмовіўся жыць у адной камеры з падселенымі
да яго двума вязнямі «нізкага сацыяльнага статусу». У знак пратэсту
Гундар абвесціў галадоўку на ўвесь тэрмін спагнання. Днямі палітвязень выйшаў
з карцара, паведаміла Алена.
«Валодзю вось выпусцілі з карцара, 10 сутак адбыў, адгаладаў,
а зараз, дзякуй Богу, з учарашняга вечара ён пачаў паціху есці і папрасіў мяне,
каб я прывезла яму сала, вострага перцу, апроч салодкага, і масла».
Нагадаем, у будынку гродзенскай турмы 18 траўня пачаўся
суд над фігурантамі «справы Аўтуховіча»,
сярод якіх — палітзняволены баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар, які мае
інваліднасць.
Сёння ў судзе Партызанскага раёна Мінска разгледзелі справу жонкі пастара царквы «Новы запавет» Лідзіі Івановай, якая знаходзілася пад вартай амаль тры месяцы. Яе абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Лідзію затрымалі 5 ліпеня разам з мужам — пастарам мінскай
евангельскай царквы «Новы запавет» Філіпам Івановым. Пазней мужчыну выпусцілі,
а Лідзію перавялі ў СІЗА на Валадарскага, дзе ўтрымлівалі да суда.
Паводле інфармацыі «Хрысціянскай візіі», суддзя Міхаіл Макарэвіч прысудзіў дзяўчыне два
гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу
(«хіміі»). Яе вызвалілі ў зале суда.
Пракурор запрасіў для палітвязня Яўгена Батуры два гады «хіміі».
Судовы працэс у судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядае
суддзя Вікторыя Шабуня. Батуру затрымалі за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе
— у маршы МТЗ 14 жніўня. Яму прад'яўлена абвінавачванне па арт. 342
Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі
парадак»).
![Спецвытворчасць на Герасіменю і Апейкіна Спартоўцаў Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна таксама будуць судзіць завочна](/img/v1/images/screenshot_15.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Стала вядома, што два жыхары Бабруйска знаходзяцца за кратамі па палітычных абвінавачаннях.
Як паведамляе @bobruisk_online, 5 жніўня затрымалі Віктара
Дзіброва, ён знаходзіцца ў СІЗА №5. Вядома, што Віктар сірата і
зараз без адваката. Прычынай затрымання стаў каментарый пра Лукашэнку.
На пачатку верасня быў затрыманы Уладзімір Зубец. Пасля
некалькіх сутак у бабруйскім ІЧУ яго этапавалі ў СІЗА №1 у Мінск. Вядома, што
Зубец абвінавачваецца ва ўдзеле ў паслявыбарчых маршах пратэсту.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, учора ў Мінску быў затрыманы
адвакат Дзмітрый Пігуль. Яго затрымалі ўвечары дома супрацоўнікі КДБ.
Меркавана, Дзмітрыю інкрымінуецца арт. 407 КК («Разгалошванне даных папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння»). Мужчына зараз знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Пігуль быў адвакатам на працэсе па справе «Буслы ляцяць»,
фігурантам якой учора вынеслі жорсткія прысуды. Акрамя гэтага, ён абараняў
палітзняволеную Алену Маліноўскую, якая была
асуджана разам з Анатолем Латушкам.
Сілавікі затрымалі ўладальніка бара «Білі Бонс» у Новай
Баравой Паўла Клімянка.
На відэа затрыманы кажа аб тым, што са жніўня 2020 года быў
падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і рабіў рэпосты з іх.
«Таксама на момант 20 года ў маім бары збіраліся апазіцыйна
настроеныя грамадзяне», — кажа Павел.
![Мікалай Статкевіч — вытрымае ўсе здзекі, але не напіша чалабітную Марына Адамовіч: Мікалай — мужны чалавек і ўсё гэта вытрымае, але не напіша чалабітную](/img/v1/images/photo_2022_09_29_14_42_39.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне
Вадзіма Савіча. У 2020 годзе ён працаваў на чыгунцы і падчас адной з паездак
вывесіў БЧБ-сцяг з акна. Акрамя таго, хлопец нібыта ўдзельнічаў у акцыях
пратэсту і перакрываў рух транспарту.
Палітвязень Алег
Кулеша выйшаў на волю.
50-гадовага
пружанца Алега Кулешу асудзілі да 19 месяцаў калоніі па брэсцкай «справе карагодаў». Палітвязня
абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 КК за
падзеі 13 верасня 2020-га на «Маршы герояў» у Брэсце, калі пратэстоўцы на
скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава вадзілі карагод, спявалі
песні і танчылі.
У пачатку лютага
Алег даслаў на волю вялікі ліст, у якім распавёў, што адміністрацыя калоніі
фактычна забараняе яму размаўляць на беларускай мове. За гэта яго нават
выклікалі на размову, падчас якой казалі, што ў папраўчай установе трэба
размаўляць выключна па-расійску.
Палітвязень
цалкам адбыў тэрмін і выйшаў з бабруйскай калоніі.
![Мікалай Статкевіч — вытрымае ўсе здзекі, але не напіша чалабітную Марына Адамовіч: Мікалай — мужны чалавек і ўсё гэта вытрымае, але не напіша чалабітную](/img/v1/images/photo_2022_09_29_14_42_39.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Палітвязень
Канстанцін Дудзікаў таксама выйшаў на волю.
Канстанціна Дудзікава 18 красавіка
замест працы ў ПУАТ №36 адвезлі ў суд. У выніку яму замянілі «хімію» на
калонію ўзмоцненага рэжыму. Канстанцін быў асуджаны судом Быхаўскага раёна на
1 год і 6 месяцаў «хіміі» паводле арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады.
Тэрмін Канстанцін
адбываў у наваполацкай калоніі № 1. 24 верасня Дудзікаў выйшаў на волю па сканчэнні тэрміну.
За час зняволення
палітвязень схуднеў на 26 кілаграмаў, а таксама ў яго з’явіліся сур’ёзныя
праблемы з зубамі.