Марына Адамовіч: Мікалай — мужны чалавек і ўсё гэта вытрымае, але не напіша чалабітную

Калі амністыя суправаджаецца нейкім пакорным прашэннем, то якая гэта амністыя? Марына Адамовіч распавяла праваабаронцам пра маўчанне мужа-палітвязня Мікалая Статкевіча і амністыю.

photo_2022_09_29_14_42_39.jpg

Ад палітвязня Мікалая Статкевіча па-ранейшаму няма ніякіх вестак. Жонка Мікалая Марына Адамовіч па вопыту ведае, што гэта спецаперацыя ўладаў з вядомай мэтай — націснуць на вязня. Для таго, каб зламаць Мікалая, яго змяшчаюць у вельмі цяжкія ўмовы глыбоцкай калоніі для асабліва небяспечных злачынцаў. Акрамя таго, ён пазбаўлены перадачаў і спатканняў. Але, па словах Марыны, — гэта ўсё марна. Мікалай — мужны чалавек і ўсё гэта вытрымае, але не напіша чалабітную.

Да абяцанай Лукашэнкам амністыі Марына Адамовіч ставіцца вельмі скептычна: «Абяцанкі, даруйце, цацанкі. Мне ўжо надакучыла чытаць глыбокадумныя развагі так званых аналітыкаў пра тое, што мяркуе так званая ўлада альбо што яна плануе. У Мікалая быў вельмі трапны выраз найперш для нашых партнёраў: гэта звычка не наступаць на адны і тыя граблі, а хадзіць па граблях. Таму я вельмі спадзяюся і Мікалай спадзяваўся, што свет не купіцца і не будзе хадзіць па граблях».

Паводле Адамовіч, па так званых першых вызваленнях ужо само паняцце закона не ўжываецца, а ёсць нейкія вельмі своеасаблівыя паняцці. Калі амністыя суправаджаецца нейкім пакорным прашэннем, то якая гэта амністыя?

Трэба заўважыць, што Статкевіч не адносіцца да «тэрарыстаў», якія не падпадуць, па словах Лукашэнкі, пад амністыю. Ён асуджаны на 12 гадоў па ч. 1 арт 293 КК – арганізацыя масавых беспарадкаў, але ён адзіны сярод асуджаных з'яўляецца асабіста небяспечным рэцыдывістам, хто патрапіў на асаблівы рэжым у калонію для асабліва небяспечных злачынцаў. Таму, па словах яго жонкі, пра амністыю для яго нават смешна гаварыць.