Хронікі рэпрэсій. У Дзяніса Івашына забралі «палітызаваны» рушнік, забаранілі друкаваць лісты Максіма Знака

З дапамогай праваабаронцаў і журналістаў сабралі чарговыя звесткі пра палітычны пераслед беларусаў.

_belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__2__logo.jpg


Уладзіміра Мацкевічаэтапавалі ў шклоўскую калонію №17, паведамляюць праваабаронцы.

Філосаф правёў за кратамі амаль 14 месяцаў. 23 чэрвеня яго прызналі вінаватым і асудзілі да пяці гадоў калоніі строгага рэжыму.

* * *

У Баранавічах затрыманы Юрый Казакевіч, уладальнік крамы з нацыянальнай сімволікай. У праўладных Telegram-каналах з'явіўся допіс пра тое, што ў Баранавічах «у краме «Росквіт» з-пад падлогі гандлююць забароненай паліцайскай сімволікай».

Уначы — праз некалькі гадзін пасля публікацыі допісу — да ўладальніка крамы Юрыя Казакевіча прыйшлі сілавікі. Вядома, што ў доме мужчыны прайшоў ператрус, а ён сам стаў фігурантам крымінальнай справы. Па якім артыкуле затрыманы мужчына, пакуль невядома.

У лютым 2021 года ДФР правёў праверку крамы Казакевіча, а ў лістападзе таго ж года мужчына быў затрыманы сілавікамі.

* * *

Палітвязень Аляксандр Геджадзэ пераведзены з Беларусі ў расійскую калонію. Масгарсуд разгледзеў справу аб пераводзе ў расійскую калонію грамадзяніна Расіі Аляксандра Геджадзэ, асуджанага ў Беларусі на тры гады калоніі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») яшчэ ў студзені. Па звестках праваабаронцаў, Аляксандр ужо знаходзіцца ў расійскай папраўчай калоніі №3 у Смаленску. Ён стаў першым грамадзянінам Расіі, прызнаным беларускімі праваабаронцамі палітвязнем, якога перавялі ў Расію.

* * *

За ўдзел у акцыях пратэсту асудзілі сям'ю палітвязняў: мужу — калонію, жонцы — «хатнюю хімію».

Палітвязні Кацярына Еўдакімава і Антон Маслыка былі затрыманы 29 чэрвеня ў Мінску. Пазней мужчыну змясцілі ў СІЗА на Валадарскага, а жанчыне ўтрыманне ў СІЗА замянілі на хатні арышт. Артыкул «народны» — актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Сям'я палітвязняў выхоўвае дзяцей 3, 7 і 11 гадоў.

Падставай для справы сталі фатаграфіі, знойдзеныя ў іх Instagram.

* * *

Сетка дзяржаўных кнігарняў «Белкніга» разрывае дамовы з незалежнымі выдавецтвамі «Янушкевіч», «Кнігазбор» і «Галіяфы». Іх кнігі больш не будуць там прадаваць, паведамляецца на старонцы «Янушкевіча» ў Facebook. «Многія нашы кнігі, якія мы даўно нікуды не пастаўляем, можна яшчэ знайсці ў кнігарнях «Белкнігі», асабліва ў рэгіёнах. Паспяшайся, таму што хутка іх там не будзе!» — напісала выдавецтва.

Раней Мінінфарм прыпыніла дзейнасць незалежных выдавецтваў «Лімарыус», «Кнігазбор», «Галіяфы» і «Медысонт».

* * *

Палітвязень Валянцін Стэфановіч адзначае свой юбілей, праваабаронцу споўнілася 50 гадоў. Стэфановіч ужо 15 месяцаў утрымліваецца ў няволі, яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.


* * *

Спіс «экстрэмістаў» МУС папоўніўся 79 прозвішчамі. Сярод іх шмат асуджаных па артыкуле за паклёп або па «народным» 342 артыкуле КК. Многія з іх ужо выйшлі на волю пасля калоніі альбо асуджаныя да «хіміі». Сярод прызнаных «экстрэмістамі» — вілейскі актывіст Андрэй Кудзік, блогерка Вольга Такарчук (выйшла на волю пасля адбыцця тэрміну ў калоніі) і аўтар «Вікіпедыі» Марк Бернштэйн.

* * *

Справу прафсаюзных актывістаў перадалі ў Мінскую гарадскую пракуратуру. Чакаецца, што хутка справа дойдзе да суда. Пра гэта праваабаронцам стала вядома ад родных зняволеных актывістаў. Па справе праходзяць актывісты незалежнага прафсаюзнага руху, сярод іх палітвязні Васіль Бераснеў, Генадзь Фядыніч, Сяргей Антусевіч, Віталь Чычмароў і іншыя.

* * *

У Беларусі ліквідуюць дабрачынны фонд «Вяртанне». Рашэнне аб гэтым чакаецца 25 кастрычніка, вынікае з інфармацыі на сайце Мінскага гарадскога суда. Фонд «Вяртанне» шмат гадоў быў партнёрам Беларускага ПЭН-клуба, падтрымліваў прэміі Цёткі і Карласа Шэрмана, а таксама спрыяў развіццю беларускай культуры, навукі і адукацыі.

* * *

У палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына забралі ручнік і фотаздымак жонкі з-за «палітычнага падтэксту». «Ручнік вытворчасці рэчыцкага тэкстыльнага камбіната служыць нашай сям’і ўжо безліч гадоў, дый Дзяніс паспеў ім пакарыстацца ў вязніцы, пакуль у ім не заўважылі «палітычны падтэкст», не менш як паўгода палону», — напісала жонка Дзяніса.

ivashyn_kaloniya.jpg


Таксама пры ператрусе забралі здымак жонкі палітвязня: на ім яна стаіць з бела-чырвоным парасонам на фоне будынка з сіне-жоўтай падсветкай.

* * *

Суд асудзіў да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму супрацоўніцу літоўскага аддзялення EPAM Кацярыну Глінскую. Яе прызналі вінаватай у «грубым парушэнні грамадскага парадку». Спачатку дзяўчыне далі суткі, а потым завялі крымінальную справу па артыкуле 342 КК. У «пакаянным» відэа дзяўчына сказала, што ўдзельнічала ў пратэсных маршах у 2020 годзе. Праваабаронцы прызналі Кацярыну Глінскую палітвязнем.

* * *

Сваякамі палітвязня Максіма Знака быў створаны тэлеграм-канал «Неверагодныя лісты». У ім публікаваліся вершы, разважанні і апавяданні з лістоў Максіма цягам некалькіх месяцаў. Але ўчора на канале з'явіўся допіс пра тое, што публікацыя лістоў спыняецца. Прычына — допісы на канале не падабаюцца адміністрацыі віцебскай калоніі №3.

Нагадаем, палітзняволеных Максіма Знака і Марыю Калеснікаву абвінавачвалі ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. 6 верасня 2021 года суддзя Сяргей Епіхаў асудзіў Знака да 10 гадоў калоніі.