Затрымалі гаспадара крамы з нацыянальнай сімволікай

У Баранавічах затрыманы гаспадар крамы з нацыянальнай сімволікай Юрый Казакевіч, паведамляюць праваабаронцы.

photo_2022_10_14_14_57_17.jpg

Учора на праўладных тэлеграм-каналах з'явіўся допіс пра тое, што ў Баранавічах «у краме «Росквіт» паціху гандлююць забароненай паліцайскай сімволікай», пішуць праваабаронцы.

Праваабаронцы паведамілі, што ноччу — праз некалькі гадзін пасля публікацыі запісу — да гаспадара крамы Юрыя Казакевіча прыйшлі сілавікі. Вядома, што дома ў мужчыны быў праведзены ператрус, а сам ён стаў фігурантам крымінальнай справы. Па якім артыкуле затрыманы мужчына, пакуль невядома.

Казакевічам сілавікі цікавіліся яшчэ ў 2021 годзе. Так, у лютым 2021 года ДФР правяраў краму Казакевіча.

А 12 жніўня 2021 года, як пісаў «НЧ», Юрый Казакевіч быў выкліканы ў інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах па Баранавічах. Пасля візіту туды актывіста сустрэлі некалькі чалавек і звезлі ў невядомым напрамку. Пазней высветлілася, што Казакевіча вазілі на допыт у КДБ. «Мяне дапытвалі шэсць гадзін у КДБ. Я праходжу сведкам па крымінальнай справе і знаходжуся пад падпіскай аб неразгалошванні», — расказаў журналістам Казакевіч, калі яго вызвалілі ўвечары.

У лістападзе 2021 года яго таксама затрымлівалі сілавікі.