Хронікі рэпрэсій за 15 кастрычніка

Рэпрэсіі не робяць перапынку нават у выходныя дні. Сабралі для вас галоўнае, што адбылося сёння, 15 кастрычніка, у Беларусі.

Павел Знавец на волі! Фота з сацсетак БСДП

Павел Знавец на волі! Фота з сацсетак БСДП

У Беразіно быў затрыманы саўладальнік «Студыі нацыянальнай беларускай татуіроўкі 1863» Андрэй Вайцяховіч.

Затрымалі яго ва ўласнай хаце. Некалькі месяцаў таму Андрэй прыехаў з Польшчы. Паводле папярэдняй інфармацыі, цяпер мужчына знаходзіцца ў ІЧУ Беразіно. Прычына затрымання невядомая.


Журналіста Алеся Любенчука будуць судзіць 24 кастрычніка.

Алеся Любенчука затрымалі 26 траўня ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна. Алесь шмат займаўся дабрачыннасцю, дапамагаў дзецям-сіротам, арганізоўваў турыстычныя паходы і аднаўляў гісторыка-культурную спадчыну Наваградчыны.

Алеся абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»). Справу журналіста пачнуць разглядаць у Мінгарсудзе 24 кастрычніка. Працэс будзе весці суддзя Алена Ананіч.

Палітзняволеную былую выкладчыцу МДЛУ Наталлю Дуліну перавялі ў СІЗА-1.

Наталлю затрымалі 3 кастрычніка ў межах крымінальнай справы за ўдзел у пратэстах (арт. 342 Крымінальнага кодэксу) і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Затрымлівалі яе мінімум шэсць сілавікоў.

Да гэтага цягам года Наталлю затрымлівалі чатыры разы і судзілі па палітычна матываваных адміністрацыйных артыкулах. Цяпер праваабаронцам стала вядома, што Наталля ўжо пераведзена ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Былы палітвязень Юрый Касцюк парэзаў сабе жывот у расійскім аэрапорце, адкуль яго хацелі адправіць у Беларусь. Грамада вельмі хутка сабрала яму грошы на квіток да Варшавы.

Юрыя Касцюка затрымалі ў Расіі на запыт нашай краіны пры спробе выехаць у Ерэван — у Беларусі на яго заведзеная новая крымінальная справа.

Праваабаронцы паведамілі, што Генпракуратура РФ адмовіла ў яго экстрадыцыі ў Беларусь. Аднак адразу на выхадзе з СІЗА хлопца затрымалі і вырашылі прыцягнуць да адказнасці за парушэнне міграцыйнага рэжыму — яму прызначылі дэпартацыю ў Беларусь.

13 кастрычніка прыставы адвезлі Юрыя ў аэрапорт, каб адправіць у Беларусь. Пры гэтым яго збівалі па дарозе туды і на зваротным шляху. У аэрапорце Юрый спрабаваў нашкодзіць сабе, каб спыніць катаванні і высылку ў Беларусь. Яго вярнулі ў ЦЧУІГ (цэнтр часовага ўтрымання іншаземных грамадзян), дзе ён зняў пабоі.

Праваабаронцы абскарджваюць рашэнне аб дэпартацыі, разгляд скаргі чакаецца ў панядзелак.


Сёння, 15 кастрычніка, павінна была адбыцца сустрэча з адвакатам, але прыставы вывезлі Юрыя ў невядомым кірунку. Адваката не дапускаюць і не даюць азнаёміцца з дакументамі.

Беларусы вельмі хутка сабралі грошы на квіток да Варшавы, каб Юрый Касцюк здолеў выехаць з Расіі ў іншую краіну, а не ў Беларусь, бо ў яго ёсць польская віза.

Павел Знавец пасля 15 сутак выйшаў на волю.

Сябра ЦК БСДП і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Павел Знавец ХІІІ склікання быў затрыманы 30 верасня. На праўладным тэлеграм-канале з'явілася «палоннае відэа» з ім. На ім Знавец казаў, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Гэта далёка не першае затрыманне экс-дэпутата. Сёння Знавец выйшаў на волю, пра гэта паведаміла партыя БСДП у сваіх сацсетках.

Афіцыйная прычына арышту — непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (арт. 19.1), паведамілі аднапартыйцы.