«Белкніга» разрывае дамовы з выдавецтвамі «Янушкевіч», «Кнігазбор», «Галіяфы»
Выдавецтва «Янушкевіч» паведаміла, што сетка дзяржаўных кнігарняў «Белкніга» разрывае дамовы з прыватнымі выдавецтвамі «Янушкевіч», «Кнігазбор» і «Галіяфы».
«Мноства нашых кніг, якія мы даўно нікуды не пастаўляем, можна яшчэ знайсці ў кнігарнях "Белкнігі", асабліва ў рэгіёнах. Паспяшайцеся, бо хутка іх там не будзе!», — адзначае выдавецтва.
Усё да гэтага ішло. 14 красавіка Міністэрства інфармацыі прыпыніла на 3 месяцы дзейнасць выдавецтва «Медысонт», 18 красавіка — выдавецтва «Галіяфы», 13 траўня — выдавецтваў «Лімарыус» і «Кнігазбор». Прычына прыпынення дзейнасці незалежных выдавецтваў ва ўсіх адна і тая ж: «Своечасова не звярнуліся ў Міністэрства інфармацыі з апавяшчэннем аб змене звестак, якія падлягаюць уключэнню ў дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў».
Пазначаныя выдавецтвы выпускалі кнігі пераважна па-беларуску.
16 траўня ГУБАЗІК зладзіў ператрус у новаадкрытай краме выдавецтва Янушкевіч «Кнігаўка», дзе прадаваліся кнігі пераважна на беларускай мове. 200 кніг былі адпраўлены на экспертызу па прыкметах экстрэмізму. Самога Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу выдавецтва, літаратурную аглядальніцу, блогерку Насту Карнацкую неаднаразова пакаралі арыштам.
7 кастрычніка, у Міжнародны дзень кнігарняў, Андрэй Янушкевіч абвясціў пра сімвалічнае адраджэнне «Кнігаўкі». Праўда, пакуль пра аднаўленне кнігарні ў звыклым выглядзе размовы не ідзе — спачатку гэта будзе старонка ў сацсетках з навінамі і анонсамі, карыснай і займальнай інфармацыяй. «У перспектыве ёсць намер адкрыць і сайт, і інтэрнэт-краму, а магчыма, і ўтульную стацыянарную кнігарню. І я цвёрда веру, што “Кнігаўка” вернецца ў Беларусь!», — напісаў Янушкевіч.