У Міжнародны дзень кнігарняў Андрэй Янушкевіч сімвалічна адрадзіў «Кнігаўку»
«У гэты святочны дзень мы хочам адрадзіць «Кнігаўку». Памятаеце, была такая кнігарня выдавецтва «Янушкевіч» на Бядулі, 6 у Мінску, якая праіснавала адзін дзень», — напісаў выдавец 7 кастрычніка.

Праўда, пакуль пра аднаўленне кнігарні ў звыклым выглядзе размовы не ідзе — спачатку гэта будзе старонка ў сацсетках з навінамі і анонсамі, карыснай і займальнай інфармацыяй. «У перспектыве ёсць намер адкрыць і сайт, і інтэрнэт-краму, а магчыма, і ўтульную стацыянарную кнігарню. І я цвёрда веру, што “Кнігаўка” вернецца ў Беларусь!», — напісаў Янушкевіч.
Адначасова была заснаваная адмысловая група ў ФБ пад такой жа назвай.
«Няхай гэта будзе кніжная супольнасць, дзе ўсе неабыякавыя людзі могуць абмяркоўваць праблемы беларускай кніжнай прасторы, дзяліцца думкамі наконт яе развіцця. Запрашаю ўсіх жадаючых. Галоўнае патрабаванне — тэматыка допісаў і каментарыяў павінна датычыцца кніг і кнігавыдання», — адзначыў выдавец.

Кнігарня «Кнігаўка» адкрылася 16 траўня гэтага году па адрасе вул. Змітрака Бядулі, 6 у Мінску. Перадусім гэта выдавецкая кнігарня, дзе выдавецтва «Янушкевіч» планавала прадаваць свае кнігі і кнігі «блізкіх партнёраў».
У новую кнігарню зайшлі прапагандысты Азаронак і Гладкая, якія напісалі адмоўныя допісы, а за імі завіталі сілавікі з ператрусам. Пасля ператрусу затрымалі Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу крамы Насту Карнацкую. Ім далі розныя тэрміны адміністрацыйнага арышту з «перазатрыманнем». Сілавікі забралі 200 кніг, па 15 з іх абяцалі экспертызу, якую менавіта — невядома.
