«І машыны ў цябе больш няма». «Вясёлыя гісторыі» сілавікоў у новым зліве кіберпартызан
Беларускія кіберпартызаны працягваюць публікаваць запісы гутарак па ўнутранай сувязі МУС, атрыманыя, як яны сцвярджаюць, пасля ўзлому засакрэчаных сервераў, піша «Свабода».
У чарговым роліку, апублікаваным 21 жніўня, гучаць галасы,
як сцвярджаюць кіберпартызаны, намесніка начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігара Падвойскага і першага намесніка начальніка УУС Мінаблвыканкама Віталя
Казлова.
Гаворка перасыпаная нецэнзурнай лексікай.
Са словаў ІП вынікае, што ён дужа стаміўся, бо біў раварыстаў
(«чалавек семдзесят») і затрымліваў аўтамабілістаў, якія сігналілі (верагодна,
на знак салідарнасці з пратэстоўцамі).
Ён расказаў суразмоўцу, што калі адна жанчына-аўтамабілістка
запатрабавала патлумачыць ёй правы, ён выцягнуў яе за валасы з машыны, ударыў
нагой, а потым, калі вялі ў аўтазак, яе ўдарылі галавой. Пасля гэтага іншы
пасажыр машыны сам пабег у аўтазак. Гісторыя выклікала смех у суразмоўцаў.
З яго слоў вынікае, што забралі каля дваццаці машын і
пераказаў дыялог з кіроўцам. «У чым справа? Сігналіць нельга?» «Нельга. І
машыны ў цябе больш няма». Зноў смяюцца.
Трэцяя гісторыя, якая насмяшыла суразмоўцаў — пра тое, як
амапаўцы прыехалі затрымліваць «баевікоў з Данбаса», а гэта аказаліся будаўнікі
з Іванаўскага раёна, якія «пантаваліся пʼяныя» перад жанчынамі. Адна з жанчын
пра іх і расказала сілавікам.
Са словаў ІП вынікае, што ён чамусці ўпэўнены, што размову
не праслухоўваюць.
Ён таксама расказаў пра даклад кіраўнікам сілавікоў, які,
выглядае, прайшоў не так, як яму хацелася б, і персанальныя размовы з імі,
пасля якіх «кашуля была мокрая».
Раней кіберпартызаны апублікавалі аўдыё тэлефонных размоваў, якія меркавана адбываліся паміж прэс-сакратаркай Аляксандра Лукашэнкі Наталляй Эйсмант, камандзірам сталічнага АМАПу Дзмітрыем Балабам і адзінаборцам Дзмітрыем Шакутам. У другім запісе, як сцвярджалі кіберпартызаны, намеснік начальніка міліцыі грамадзкай бяспекі УУС Мінаблвыканкама Мікалай Максімовіч раіў іншаму неназванаму службоўцу лупцаваць усіх, ні на што не зважаючы.