Ігар Ільяш: Я пажадаю Каці свабоды

Сёння 29-ты дзень народзінаў адзначае беларуская журналістка Кацярына Андрэева. Але не ў тых умовах і не ў той кампаніі, у якой хацелася б адзначаць сваё свята: Кацярына асуджана рэжымам на 8 гадоў зняволення і зараз знаходзіцца за кратамі.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Мы спыталі ў мужа Кацярыны журналіста Ігара Ільяша, якія ёсць навіны з-за кратаў пра Кацю і што б ён хацеў пажадаць сваёй жонцы ў гэты святочны — нягледзячы ні на што — дзень.
— У пачатку кастрычніка Кацю этапавалі з гомельскага СІЗА ў калонію, — гаворыць Ігар Ільяш. — Пасля двух тыдняў каранціну (гэта стандартная працэдура для ўсіх, хто толькі прыбывае ў калонію) яе размеркавалі ў атрад №13 і накіравалі на швейную вытворчасць. Наколькі я ведаю, у сваім атрадзе яна адзіная палітзняволеная. З ліставаннем праблем няма, лісты прыходзяць рэгулярна, але піша яна радзей, чым у СІЗА — цяпер проста не хапае часу на гэта.
За кратамі Каця схуднела, пагоршыўся зрок, але за выключэннем гэтага яна адчувае сябе нармальна, наколькі гэта ў прынцыпе магчыма ў турме. Безумоўна, Каці складана: ёсць эмацыйная і фізічная стомленасць ад працяглага зняволення. На яе бірцы на адзенні стаіць дата меркаванага вызвалення — 13.08.2028. Але Каця не ўспрымае гэта як рэальную лічбу. Яна трымаецца і не губляе веры ў тое, што ўсё неўзабаве зменіцца і праўда пераможа.  

Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш. Фота: facebook.com

Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш. Фота: facebook.com


Што я пажадаю Каці на яе Дзень Народзінаў? Думаю, гэта і так зразумела: свабоды, свабоды як мага хутчэй. Калі б у мяне была магчымасць хаця б на некалькі секунд пабачыцца з Кацяй у гэты дзень, я б яшчэ раз сказаў, як моцна я яе кахаю, і нагадаў, што світанак, якога мы так чакаем, абавязкова прыйдзе — ён не за гарамі. Я веру, што большую частку шляху ў цемры мы ўжо прайшлі.
Рэдакцыя «Новага Часу» далучаецца да віншаванняў і жадае Кацярыне як мага хутчэй выйсці на волю і зноў мець магчымасць бачыць сонца і неба не праз краты, дыхаць на поўныя грудзі паветрам сваёй краіны і адчуваць любоў і падтрымку як блізкіх і сяброў, так і тысяч неабыякавых людзей, якія чакаюць Кацю на волі.
Лісты падтрымкі і віншаванні можна дасылаць Кацярыне Андрэевай на гэты адрас: ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3. Кацярыне Андрэеўне Бахвалавай (Андрэевай).