Ігар Станкевіч абраны лаўрэатам прэміі Сырыцы
Ігар Станкевіч за ўшанаванне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў пад Оршай, кампанію «Кабылякі. Растраляныя ў Оршы» абраны лаўрэатам прэміі імя Віктара Сырыцы, якую Рух «За Свабоду» ўручае ўжо трэці год запар.
Прэмія была заснаваная Радай Руху «За Свабоду» ў снежні 2016 года ў памяць пра выбітнага дзеяча нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі Віктара Сырыцу. Ёй уганароўваюцца аўтары найлепшых рэгіянальных ініцыятываў па папулярызацыі беларушчыны па выніках мінулага году. Лонг-ліст прэміі збіралі да 10 лютага, удзел у фармаванні шорт-ліста прыняло кіраўніцтва арганізацыі.
Старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч заявіў пра важнасць адзначэння ініцыятываў, якія скіраваныя на ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Па ягоных словах, улічваючы стаўленне да пытання ўладаў, памяць пра падзеі тых часоў можа знікнуць, а у такой сітуацыі гісторыя можа паўтарыцца, і падзякаваў Станкевічу за працу.
«Я быў вельмі ўзрушаны. У людзей ёсць патрэба памятаць сваіх продкаў, не важна, што ўлады не хочуць. У людзей ёсць патрэба», — распавёў Станкевіч. На сёння Ігар Станкевіч займаецца зваротамі ў архівы для атрымання інфармацыі пра рэпрэсаваных і раскулачаных сваякоў.
Пераможцай грамадскага галасавання стала Вікторыя Анохава-Жураўлёва за арганізацыю ў беларускамоўных літаратурных чытанняў для школьнікаў у Пружанах.
Паводле прэс-рэлізу