Ігар Аліневіч сустрэўся ў калоніі з бацькамі: суткі замест трох і без перадачы

Гэта было доўгатэрміновае спатканне, але замест звычайных трох сутак яно доўжылася толькі суткі.



oliniev_igorioks.gif

«Ён схуднелы, бледны, але гэта зразумела, бо ён цягам восені прасядзеў каля 40 сутак у карцары. Настрой у яго добры, бадзёры. Вельмі ўзрадаваўся, што Эдуард Лобаў выйшаў на волю. Ён пра гэта нічога не ведаў», — кажа маці палітзняволенага Валянціна Аліневіч.

Па словах Валянціны Аліневіч, жорстакае стаўленне адміністрацыі да яе сына праявілася не толькі ў тым, што тэрмін пераднавагодняга спаткання быў скарочаны да адных сутак. «Калі ўсе астатнія зняволеныя выходзілі са спатканняў з прадуктамі, якія ім дазволілі вынесці, то Ігару нават ніводнага яблыка не далі забраць. Усё як заўсёды. Нешта планаваць там немагчыма. У любую хвіліну могуць выхапіць за нейкую дробязь і пасадзіць у карцар ці накіраваць у турму, як гэта рабілі ўжо са многімі  палітычнымі зняволенымі», — кажа Валянціна Аліневіч.

27 мая 2011 году суд Завадскога раёну Мінска пакараў Ігара 8 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён быў абвінавачаны паводле часткі 2 артыкулу 339 КК РБ (хуліганства, здзейсненае групай асобаў) і частак 2 і 3 артыкулу 218 КК (пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры).

Першапачаткова яго абвінавачвалі ў злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК) па эпізодах нападу на расійскую амбасаду ў ноч з 30 на 31 жніўня 2010 года, а таксама за ўдзел у акцыі каля Генштабу Узброеных сілаў Беларусі 19 верасня 2009 года. Затым абвінавачаньне было пашыранае: акрамя эпізоду па Генштабе, Аліневічу інкрымінавалі напады на казіно «Шангры Ла», на офіс банку «Масква-Мінск» 31 мая 2010 года, на расійскую амбасаду 30 жніўня 2010 года і на Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна 6 верасня 2010 года.

Праваабарончыя арганізацыі адзначаюць, што суд над Ігарам Аліневічам і іншымі фігурантамі справы адбываўся з шэрагам парушэнняў, і таму зняволеных па гэтай справе нельга лічыць законна асуджанымі.

Паводле Радыё Рацыя