Іне Дабратвор выпісалі рэкордны штраф за партрэты на вокнах
Штраф у 200 базавых велічынь выпісала суддзя Жанна Хвайніцкая шматдзетнай маці Іне Дабратвор, паведамляе «Еўрарадыё».
![Ілля і Іна Дабратворы /@viasna96 Ілля і Іна Дабратворы /@viasna96](/img/v1/images/inna_dobro_25_03.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілля і Іна Дабратворы /@viasna96
Іна Дабратвор выхоўвае пяцярых дзяцей. Падставай для такога штрафу сталі партрэты на вокнах кватэры.
На шкле ў кватэры Дабратвораў віселі партрэты Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі, а таксама герб «Пагоня». У міліцыі палічылі — і суд з гэтым пагадзіўся, — што быў парушаны парадак правядзення масавага мерапрыемства.
Прычым суддзя абрала максімальнае пакаранне па гэтай частцы артыкула — 200 базавых велічынь, або 5800 рублёў. Гэта рэкордны штраф па самым народным артыкуле, адзначаюць праваабаронцы.
Абноўлены КаАП з новымі штрафамі і ўзмацненнем жорсткасці пакарання для пратэстоўцаў набыў моц 1 сакавіка. Калі за ўдзел у акцыі па старым кодэксе меркаваўся штраф да 30 базавых, то па новым — да 100, а пры паўторным удзеле — да 200. Былі павялічаныя і тэрміны адміністрацыйнага арышту.