Інвалідам і шматдзетным сем'ям дазволяць прыгнаць легкавік з Еўропы з вялікай зніжкай
Інваліды I альбо II групы, а таксама шматдзетныя сем'і змогуць завезці ў Беларусь легкавыя аўтамабілі са зніжкай 50%. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле дакумента, прадугледжваецца кампенсацыя з рэспубліканскага бюджэту 50% мытных пошлін, падаткаў, якія падлягаюць выплаце пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі аднаго легкавога аўтамабіля на працягу года, асобам, якія маюць інваліднасць I альбо II групы, а таксама шматдзетным сем'ям.
Паводле статыстыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у пачатку года ў Беларусі было 351 956 інвалідаў першай і другой групы.
Колькасць шматдзетных сем’яў не абнаўляецца штоквартальна. Аднак у канцы 2017 года ў Беларусі было 95 500 шматдзетных сем’яў.
Такім чынам, агулам за год у Беларусь можа быць увезена да 445 тысяч «льготных» аўтамабіляў.
Іх уласнікам спачатку давядзецца заплаціць поўную пошліну, а пасля можна будзе атрымаць палову грошай назад.
Напрыклад, пры ўвозе з Еўрасаюза дзесяцігадовага легкавіка з рухавіком 1,5 літра эканомія складзе 2400 еўра. Пры ўвозе новага легкавіка з рухавіком 2 літры эканомія складзе 3500 еўра.
Паводле Нашай Нівы