Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў КДБ актывізуе вярбоўку грамадзян
Жыхар Мінска звярнуўся ў Генпракуратуру Беларусі са скаргай на неправамоцныя дзеянні супрацоўніка КДБ, які шляхам шантажу і пагроз вымусіў яго пагадзіцца на добраахвотнае аказанне дапамогі органам дзяржаўнай бяспекі.
Усё пачалося 8 красавіка, калі Алег Дашкевіч прыбыў у ваенкамат Кастрычніцкага раёна Мінска для пастаноўкі на воінскі ўлік пасля адбыцця службы ў рэзерве. У ваенкамаце да яго нечакана падыйшлі двое супрацоўнікаў міліцыі ў форме падпалкоўнікаў і прапанавалі праехаць ў РУУС, каб “паразмаўляць”. Прычыну, па якой затрымалі, абяцалі назваць пазней.
На які кручок лавілі Дашкевіча афіцэры МУС?
Ужо ў часе размовы ў аўтамабілі Дашкевічу сталі паказваць скрыншоты фотаздымкаў з ягонай старонкі ў сацыяльнай сетцы “Укантакце”, з мастацкімі выявамі сімвалаў колаўрат, сцяга трэцяга рэйха, арла на фоне неба, які абапіраецца на сцягі з колаўратамі і паведамілі, што падобныя выявы класіфікуюцца, як распаўсюд нацыстскай сімволікі. Паказвалі таксама і скрышноты ранейшых відэа (пра тое, як серу з-пад запалак кладуць у металічную ёмістасць і потым яна выбухае), пераконваючы што падобныя матэрыялы адносяцца да экстрэмісцкіх і за іх распаўсюд яму можа пагражаць адміністрацыйная адказнасць.
Ужо на месцы ў Кастрычніцким РУУСе ціск на Дашкевіча працягнуўся з новай сілай.
Яму паказвалі ордэр на агляд кватэры, пагражалі магчымасцю затрымання, а пасля паведамілі, што ёсць шанец пазбегнуць пакарання…
Метады вярбоўкі супрацоўніка КДБ
У кабінет, дзе “апрацоўвалі” Дашкевіча зайшоў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ і хуценька паказаў пасведчанне, закрыўшы пры гэтым прозвішча пальцам. Супрацоўнік вырашыў адразу “ўзяць быка за рогі” і здзівіць Алега сваёй дасведчанасцю: паказаў асабовыя справы ягоных сваякоў, распавёў, што паколькі ягоны бацька часта па працы выяжджае ў Літву, то яму лёгка закрыць выезд за мяжу. І ўвогуле, з-за таго, што Дашкевіч можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы, могуць узнікнуць вялікія праблемы з працай у маці і сястры, якія працуюць у дзяржаўных установах.
“Супрацоўніка цікавілі таксама мае ранейшыя паездкі на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі і Украіны. Ён задаваў наводзячыя пытанні аб тым, ці не вярбую я там людзей для ўдзелу ў незаконных узброеных фарміраваннях, альбо сам прахожу спецыяльную падрыхтоўку”, - апісвае размову Алег Дашкевіч.
Затым ён стаў казаць пра Еўрапейскія гульні, якія ў чэрвені пачнуцца ў Мінску і аб тым, што ў гэты час могуць актывізавацца футбольныя фанаты, яны могуць арганізаваць масавыя беспарадкі.
Супрацоўнік прапанаваў Дашкевічу ўліцца ў рух футбольных фанатаў, каб даведацца пра іх бліжэйшыя планы і ўрэшце рэшт прымусіў падпісаць дакумент аб добраахвотным супрацоўніцтве з Камітэтам дзяржбяспекі.
Праз дзень, крыху адыйшоўшы ад псіхалагічнага і маральнага стрэсу, Дашкевіч падаў скаргу у Генеральную пракуратуру Беларусі, у якой просіць прызнаць дзеянні супрацоўніка Камітэта дзяржаўнай бяспекі, якія выявіліся ў прымусе пагадзіцца на добраахвотнае аказанне дапамогі органам дзяржаўнай бяспекі на канфідэнцыйнай аснове пад уздзеяннем пагрозы на адрас маці, бацькі і сястры, неправамернымі і парушаючымі ягоныя правы.
Паводле spring96.org