«Я больш не магу быць лекарам у Беларусі»

Звольненая доктарка з Бабруйску напісала шчымлівы допіс у сваім Фэйсбуку, развітваючыся з пацыентамі. «Ну вось, мяне звольнілі», — пачынае Майя Церакулава.

54523550_2048789621836628_3552615433343336448_n.jpg


«Спрабаваць уладкавацца лекарам у Беларусі больш не мае сэнсу. Шкада. Я была добрым лекарам, працавала шчыра, часам нават самааддана. Вывучыла дзяцей з участка, усе асаблівасці іх здароўя. Вяла нованароджаных, яны так хутка раслі пад маім наглядам, мае рукі вельмі любяць, адчуваюць нованароджаных.

Я шкадавала дзяцей з цяжкімі сямейнымі гісторыямі, ім важна было маё аўтарытэтнае меркаванне пра тое, што яны добрыя, правільныя, прыгожыя. Спадзяюся, у іх застануцца мае сапраўдныя медыцынскія даведкі “ты разумніца і прыгажуня”, якія так падабаліся ім. Спадзяюся, яны запомняць мае інтанацыі павагі і клопату, ім трэба. Дзеці да мяне прывыклі, мяне не баяліся.

Я буду па іх сумаваць. Шкада ўсяго недаробленага, недаабследаванага, нестабілізаванага. Зноў маіх будуць кідаць ад аднаго лекара да іншага. А я іх так берагла. Насілася па кватэрах, слухала, супакойвала, настойвала. Адказвала за іх. Кожны дзень прымала рашэнні, і з кожным няпростым рашэннем прывязвалася.

У мяне іх тысяча. Я памятаю іх твары, прозвішчы, характары. Я была ў іх дома, бачыла іх адносіны з бацькамі. Гэтыя дзеці важныя мне, але я больш не магу быць лекарам у Беларусі. Пара з'язджаць».

Лекарка Мая Церакулава была адной з тых, хто шчыра і адкрыта распавядаў пра COVID-19 у Беларусі.

«Я так цешылася, што ў родным Бабруйску, у нашай паліклініцы, куды я некалі вадзіла сына, з'явіўся добры лекар у асобе Мая Церакулава. Я нават уяўляла, як вы, Мая, там працуеце, у тых інтэр'ерах, і радавалася за дзяцей і бацькоў на вашым участку. А цяпер вельмі балюча, што ўсё так. І што Беларусь зноў губляе яшчэ аднаго добрага чалавека», — пішуць яе былыя пацыенты.