Яшчэ адно самазабойства ў беларускай выпраўленчай калоніі
У выпраўленчай калоніі №22 «Воўчыя норы» скончыў жыццё самагубствам
асуджаны паводле артыкула 328 крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь
(незаконны абарот наркатычных сродкаў).
Малады чалавек адбываў 11-гадовы тэрмін турэмнага зняволення. На працягу года гэта ўжо другі вядомы выпадак самагубства асуджаных за наркотыкі ў беларускіх турмах. Аб суіцыдзе ў выпраўленчай калоніі «Воўчыя норы» паведаміла кіраўнік незарэгістраванага сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Матчын рух 328» Ларыса Жыгар.
На яе думку, асуджаныя церпяць катаванні і прыніжэнні з боку адміністрацыі пенітэнцыярных установаў, што можа выклікаць такія ўчынкі, як самазабойствы.
— Зрабіць такія тэрміны, такія ўмовы, каб сядзелі і смерці прасілі. Наш кіраўнік з высокай трыбуны гаварыў пра жорскія і суворыя ўмовы. І нашыя праваахоўныя органы зразумелі, што нават здзекі і катаванні можна ў гэтым выпадку ўжываць да маладых людзей. Гэта ўсё і адбілася на псіхіку хлопца. Давайце падумаем, колькі яшчэ можа адбыцца суіцыдаў.
Апошнім часам у адносінах да асуджаных паводле “наркатычнага артыкула” істотна пагоршыліся ўмовы ўтрымання. Прыкладам, у бабруйскай выпраўленчай калоніі №2 колькасць зняволеных больш як у 2 разы перавышае акрэсленую заканадаўствам лічбу. Асуджаным скарацілі таксама дазволеную вагу пасылак – замест трыццаці кілаграмаў цяпер можна атрымаць толькі пятнаццаць.
Паводле Радыё Рацыя