Каб дабудаваць арку ў Магілёве, грошы будуць утрымліваць з заробкаў
Пабудаваць трыумфальную арку на ўездзе ў Магілёў у 2017 годзе прапанавалі мясцовыя ўлады: яна павінна была стаць падарункам на 750-годдзе горада.
Амаль адразу было прапанавана, каб падарунак фінансаваўся народам: у банку адкрылі спецыяльны рахунак па зборы сродкаў. Агулам атрымалася сабраць 104,7 тысяч рублёў, ахвяраванняў гараджан (але патрэбна было каля 750 тысяч долараў).
Але грошай не хапіла, будаўніцтва замарозілі і падарунак у выглядзе гатовай аркі горад на свой юбілей не атрымаў. Сёння ж для завяршэння працы абраны новы арыенцір: пяты форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, што пройдзе ў Магілёве ў верасні. Наведаць яго нібыта збіраюцца прэзідэнты абедзвюх краін.
Каб паспець у новы тэрмін, у Магілёве аб’явілі новы збор сродкаў. Пра гэта распавёў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Дзяніс Васількоў.
«Апошнія месяцы арка стала трыумфам беднасці, правалаў і пасмешышча. І гэта вельмі сумна, сябры. Асабліва ў святле апошніх навін, калі просяць дапамагчы ў будаўніцтве не самых багатых людзей горада, а звычайных працаўнікоў. І не просяць, а збіраюцца ўтрымаць грошы з заробкаў. Чаго чакаць ад гараджан у такім выпадку? Ды плявацца ўсе будуць на гэтую арку. Гідка! Удвая брыдка тое, што мы ўсе разаб’ёмся ў блін для прыезджых гасцей, якія нават пра гэта не прасілі. Яны нават не згадаюць гэты горад. Гэтая правінцыйнасць і жаданне зрабіць глянец па загадзе — ад яе ванітуе. Памятаць жа пра Магілёў будуць у кантэксце: «А, гэта той правінцыйны горад, дзе не маглі дабудаваць трыумфальную арку», — абураецца Дзяніс.
Сённяшні выгляд аркі. Фота са старонкі Дзяніса Васількова ў Фэйсбуку
Мясцовыя жыхары таксама не ў захапленні ад таго, што адбываецца. Яшчэ да пачатку будаўніцтва грамадскія актывісты крытыкавалі праект і прапаноўвалі выдаткаваць грошы на іншыя, больш карысныя для горада рэчы: напрыклад, на ачыстку Святога возера. Сёння ж людзі ўвогуле абураныя сітуацыяй.
«Будаўніцтва аркі спынілася. Як я разумею, не хапае грошай на дарагое аздабленне. Для мяне тыя, хто будуе аркі сёння, ментальна засталіся жыць у 19 стагоддзі. Да 750-годдзя адкрыць арку яшчэ было больш-менш лагічна: усе былі на эмацыйным уздыме, усё ж такое свята толькі раз на 750 год здараецца. Калі б у мяне папрасілі грошы на яе далейшае будаўніцтва, я б не даў, бо арка не адпавядае ні маім эстэтычным каштоўнасцям, ні маёй палітыкі размежавання сродкаў. Мінулы мэр увайшоў у гісторыю горада тым, што адбудаваў магілёўскую ратушу. Сённяшняе кіраўніцтва запомніцца безгустоўнымі львамі, якіх пхаюць паўсюль, і вось гэтай аркай. На жаль, не пашанцавала Магілёву з людзьмі ва ўладзе, які б мелі мастацкі густ, у іх сваё разуменне прыгажосці: ім хочацца трыумфу. У той жа момант гэтыя людзі дазваляюць разбураць старыя дамы: на днях у горадзе знеслі будынак 20 стагоддзя на Ленінскай, 59», — распавёў «НН» мясцовы жыхар Дзмітрый Дзмітрыеў.
На погляд гісторыкаў, у сённяшняй арцы для Магілёва няма ніякага сэнсу, адно «марнаванне грошай».
«У Магілёва ўжо была свая магчымасць мець сваю трыумфальную арку на манер парыжскай. Але гэтай магчымасці мы пазбавіліся, калі тую браму зруйнавалі напрыканцы 1920-х гадоў, каб яна не перашкаджала руху», — лічыць гісторык Алег Лісоўскі.
https://nn.by/?c=ar&i=211147«Будуючы недарэчную танную копію на ўскрайку горада, мы не здабываем магчымасць мець гарадскую адметнасць. Падобныя новабудоўлі на фоне страчанай аўтэнтычнай архітэктуры выглядаюць як здзек. Гэта як скрасці ў чалавека дарагую машыну, а замест яе пакінуць ровар, каб неяк кампенсаваць гаспадару страту. Чыноўнікі хацелі напусціць залатога пылу ў вочы, але золата ім не хапіла», — каментуе спадар Лісоўскі.
Кацярына Карпіцкая, «Наша Ніва»