Калеснікава напісала скаргу на аўтара «СБ. Беларусь сегодня» Мукавозчыка
Марыя Калеснікава, лідар ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, напісала заяву ў шэраг дзяржаўных органаў на артыкулы Андрэя Мукавозчыка ў выданні «СБ. Беларусь сегодня». Заяву апублікавалі ў Twitter-акаўнце Бабарыкі, яе сапраўднасць пацвердзіла «Свабодзе» сама Калеснікава.
У заяве сцвярджаецца, што ў «СБ.
Беларусь сегодня» сістэматычна публікуюцца матэрыялы Мукавозчыка, «накіраваныя на распальванне сацыяльнай і
палітычнай варожасці», якія ўтрымліваюць «заведама ілжывыя абвінавачанні ва ўчыненні злачынстваў або іншыя звесткі,
якія ганяць розных асобаў».
У прыклад прыводзяць «актыўную агітацыю» супраць кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, «недапушчальныя разважанні пра ейных прыхільнікаў», «абразлівыя параўнанні, паклёп і абразы», у тым ліку пра саму заяўніцу.
«Мукавозчык практычна штодзённа спрабуе запужаць прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай, абяцаючы ім хуткую гвалтоўную смерць, і параўноўваючы прапанаваны сімвал прыхільнікаў справядлівых выбараў з выразанай на грудзях чырвонай зоркай і жытам ва ўспоратым жываце».
Марыя Калеснікава адзначае, што Ціханоўская мае права размясціць сваю праграму ў газетах агульным накладам каля 50 тысяч асобнікаў, а тэксты Мукавозчыка выходзяць «пяць разоў на тыдзень на аўдыторыю (паводле выдання) больш за мільён чалавек».
У заяве яна просіць правесці праверку чатырох матэрыялаў на прадмет адміністрацыйнага, крымінальнага, выбарчага і грамадзянскага заканадаўства («Метка сатаны», «Женская революция, или Бабий бунт», «Три грации» і «Интересная ложь на нынешних выборах спадает слоями, как шелуха»), прыняць захады ў абароне парушаных правоў і прыцягненні вінаватых да адказнасці, а таксама апублікаваць у чатырох нумарах друкаванай версіі «СБ. Беларусь сегодня» выбарчую праграму Ціханоўскай у якасці абвяржэння.
Зварот накіравалі ў Следчы камітэт, Генеральную пракуратуру, Міністэрства інфармацыі, Цэнтральную выбарчую камісію і выдавецкі дом «Беларусь сегодня».