Калгас, у якім зарабляюць 70 рублёў за месяц

«Плакала-рыдала. Я на пахаванні ў мамы так не плакала, калі вось гэтае атрымала», – расказвае svaboda.org Наталля Гусева. Ёй налічылі ўсяго 70 рублёў за 27 працоўных дзён – прыбіральшчыцай у калгасе «Зара» Глускага раёну Магілёўскай вобласці.


У Наталлі чацвёра дзяцей, а жыве яна ў службовым жыллі. Каб не страціць дом, яна мусіць працаваць у калгасе. Але гэтых грошай для сям’і катастрафічна мала. Таму Наталля мае яшчэ падпрацоўку ў сацыяльнай службе, даглядае старых людзей.
«Я прыбіраю, калідоры мыю, шкло мыю, вокны мыю... Прыбірала тэрыторыю, выполвала кветкі, вырывала, звозіла ўсё – карацей, вылізала ферму. І вось што я атрымала за гэта!»
Даяркі, якія працуюць на той жа ферме, таксама скардзяцца на заробкі. Нягледзячы на тое, што яны працуюць па 8–9 гадзін на дзень без выходных, зарабіць больш за 250 рублёў немагчыма.
Першы намеснік старшыні райвыканкаму Уладзімір Карповіч пракаментаваў, што з сітуацыяй у гэтай гаспадарцы яны знаёмыя і неўзабаве разбяруцца. Але ў той жа час зазначыў, што там вельмі слабы раён.
«Мы жывём ад вытворчасці. З таго, што зрабілі, што прадалі, з гэтага і жывём. Ды і гэта заганная практыка – даплата да мінімальнай заработнай платы. Працаваць трэба лепей. І ўсё тады будзе», – сказаў чыноўнік.
svaboda.org