«Калі б замах быў сапраўдны, то КДБ аперавала б найвышэйшай мерай пакарання»
Адвакат і былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч пракаментаваў у інтэрв'ю «Свабодзе» справу аб «падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту».
Ён пералічыў дэталі, якія сведчаць пра яе пастановачнасць, і расказаў, якімі метадамі ў 2011-м у СІЗА КДБ яго прымушалі супрацоўнічаць з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі.
Палітык стаў адным з фігурантаў справы «Аб масавых беспарадках» 2010 года. Пэўны час ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ і быў першым, хто заявіў пра катаванні ў турэмных засценках. Выйшаўшы пад падпіску аб нявыезде, ён пакінуў Беларусь і эміграваў у Чэхію, дзе атрымаў палітычны прытулак. У верасні 2015 года вярнуўся на радзіму.
Крымінальная справа аб тагачасных падзеях на Алеся Міхалевіча была прыпыненая, але не закрытая. Летась яе маглі спыніць праз тэрмін даўніны. Алесь Міхалевіч з гэтай нагоды звярнуўся ў Следчы камітэт, але там адказалі, што справу спыняць не збіраюцца.
Як у СІЗА КДБ выбівалі паказанні з Міхалевіча
У беларускіх СІЗА шырока прымяняюцца катаванні, прымус і іншыя метады. Па такіх артыкулах, нават пры затрыманні, прымяняліся розныя метады, людзей білі.
У маім выпадку першыя два-тры тыдні ціснулі псіхалагічна. Пазней пачаўся агульны фізічны ціск. Напрыклад, шмат разоў на дзень вобшукі, голыя пастраенні ўсёй камеры, складанне фігурак з людзей, стаянне гадзінамі без адзення фактычна ў шпагатнай позе. У маім выпадку гэта скончылася тым, што мяне проста вывалаклі з камеры, заламалі рукі з крыкамі: «Ты будзе супрацоўнічаць ці не?» Абсалютная большасць людзей не гатовыя ўспрымаць проста банальнае збіццё і трываць яго бясконца. Я, натуральна, пачаў крычаць, што так, буду. І літаральна праз паўгадзіны як быццам зусім іншыя людзі мяне запрашаюць на размову ў будынак КДБ. І як быццам гэта ўжо не тыя аператыўныя супрацоўнікі. Яны пачынаюць з табой размову, але, безумоўна, цудоўна ведаюць, што ты ўжо будзеш з імі адкрыты, каб весці размову.
Першыя тыдні я адмаўляўся даваць паказанні або даваў мінімальныя паказанні — пра сваё імя, прозвішча і месца жыхарства. А ўжо пасля прымянення грубай фізічнай сілы, збіцця, натуральна, я пачаў даваць паказанні пад пратакол. На шчасце, я нічога не ведаў ні пра якія падрыхтоўкі масавых беспарадкаў, пра што, уласна, і гаварыў. Але была і вялікая колькасць непратакольных размоў з аператыўнымі супрацоўнікамі. І гэта асноўнае, што ёсць.
У маім выпадку нават расповед пра ўмовы ўтрымання ў КДБ лічыўся разгалошваннем крымінальнай справы. Без катаванняў гэтай справы проста не было б.
Што значыць заява КДБ, што фігуранты справы «аб дзяржперавароце» пачалі даваць прызнальныя паказанні
Мяне здзіўляе, што журналісты, у тым ліку і «Радыё Свабода», сур’ёзна абмяркоўваюць тое, што заявіў КДБ. Пра мяне КДБ афіцыйна сказаў, што яны ніколі мяне не вербавалі. КДБ — гэта структура (як і ў прынцыпе дзяржаўная прапаганда), якая хлусіць увесь час. І ўсё, што яны кажуць, нельга ні ў якім разе ўспрымаць сур’ёзна.
Усё, што сказана ў КДБ, сказана пад катаваннямі, пасля здзекаў. Усё гэта трэба дзяліць на дзесяць і дваццаць. Гэта ўсё можа быць у чыстым выглядзе хлуснёй і здабыта спецметадамі.
Калі б Юрась Зянковіч ужо даваў прызнальныя паказанні і быў цалкам зламаны, думаю, што на сённяшні момант мы б пабачылі шмат што па тэлебачанні. Бо яны даволі хутка, праз 3-4 дні, выкладваюць здымкі ў відэаэфір.Мы павінны памятаць, што ў Юрася Зянковіча ў закладніках знаходзіцца яго супрацоўніца — Вольга Галубовіч. Яна з'яўляецца чацвёртай арыштаванай. І гэта проста супрацоўніца яго юрыдычнага офісу ў Мінску. Фактычна, адзін з асноўных метадаў для таго, каб прымусіць даць прызнальныя паказанні — гэта шантаж жыццём, бяспекай блізкімі, за якіх ты нясеш адказнасць.
Для мяне відавочна, што гэтая справа ад самага пачатку распрацоўвалася і рыхтавалася. Я здзівіўся, калі КДБ адразу заявіла, што іх чакае да 12 гадоў турмы. Калі б гэта быў сапраўдны замах, з сапраўднымі падрыхтоўкамі і з чымсьці вельмі сур’ёзным, яны б адназначна аперавалі найвышэйшай мерай пакарання. Ад пачатку, я думаю, гэта рыхтавалася як карцінка для беларускага тэлебачання для таго, каб запалохаць беларускае грамадства. А таксама паказаць, што Лукашэнка такі важны, што ажно нешта рыхтуецца супраць яго.
Ці законна Фядуту і Зянковіча вывозілі з Масквы ў Беларусь
Гэтых людзей пасадзілі ў машыны, і беларускія спецслужбы вывезлі іх у Беларусь. З гледзішча міжнароднага права, а таксама дамоў Беларусі і Расіі, гэта дзве суверэнныя дзяржавы. І выдача людзей з адной дзяржавы ў другую можа адбывацца толькі праз экстрадыцыйны працэс. Ён уключае ў сябе пракурорскую праверку, пасля судовае пасяджэнне, потым магчымасць абскарджвання. Гэты працэс мінімальна не можа доўжыцца менш за некалькі тыдняў. У выпадку з Зянковічам і Фядутам гэта адбылося за лічаныя гадзіны.Мы, безумоўна, зробім яшчэ запыт у Расію і паспрабуем атрымаць афіцыйнае пацверджанне таго, што ўсё было зроблена неправавымі механізмамі.
Таксама выклікае пытанне, хто затрымліваў гэтых людзей. Ці гэта расійская ФСБ, ці беларускія спецслужбы настолькі вольна адчуваюць сябе на тэрыторыі сталіцы суседняй дзяржавы, што могуць сабе дазволіць такія затрыманні асабіста, а не праз расійскіх калег?
Ці можа абараніць Зянковіча амерыканскі пашпарт
З пункту гледжання беларускага закону, Юрась Зянковіч з'яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. У мяне выклікае вялікае здзіўленне, калі Лукашэнка крычыць, што той грамадзянін ЗША. Беларускі закон не забараняе мець двайное грамадзянства; ён гаворыць, што Беларусь не прызнае двайное грамадзянства. Гэта значыць, што ў адносінах з беларускімі органамі ўлады Юрась Зянковіч мусіць трактавацца як грамадзянін Рэспублікі Беларусь.
Беларусь, дарэчы, цалкам легальна можа не дапускаць да яго амерыканскага консула і не даваць яму атрымліваць дапамогу ад ЗША. Бо Беларусь трактуе яго як свайго грамадзяніна.
Безумоўна, ЗША будуць сачыць за сваім грамадзянінам, таму што гэта абавязак дзяржавы — абараняць сваіх грамадзян. Гэтаксама як Швейцарыя сочыць за сваёй грамадзянкай, якая знаходзіцца ў беларускай турме. Гэта нармальна, што дзяржавы клапоцяцца пра сваіх грамадзян. На жаль, гэтага вельмі часта не робяць такія краіны, як Беларусь, Расія і іншыя.