КДК зноў выявіў масавыя парушэнні ў гомельскіх крамах "Родная старана" і "Кошык"

Камітэт дзяржкантролю Гомельскай вобласці выявіў шматлікія парушэнні закона ў працы гандлёвай арганізацыі ААТГ "Дабрабыт".



rodnaya_storona_01.jpg

Фото marketing.by

Гандлёвая сетка ААТГ "Дабрабыт" складаецца з 25 аб'ектаў, якія працуюць пад вядомымі маркамі "Родная старана" і "Кошык". Як паведамілі БелаПАН у КДК, у 2012 годзе камітэт дзяржкантролю ўжо правяраў "Дабрабыт" і выявіў, што ў магазінах гандлёвай сеткі тавары прадаюцца пратэрмінаваныя, парушаюцца санітарныя нормы і правілы, а таксама правілы гандлю. Па выніках праверак у 2012 годзе вінаватыя асобы былі прыцягнутыя да адказнасці.
 

У 2013 годзе КДК вырашыў праверыць, што змянілася ў гандлёвай сетцы ААТГ "Дабрабыт". Паводле інфармацыі камітэта, якасць абслугоўвання пакупнікоў у гандлёвай сетцы застаецца на нізкім узроўні. Ва ўсіх 20 правераных аб'ектах устаноўлены парушэнні заканадаўства, у тым ліку ў 11 аб'ектах былі выяўлены пратэрмінаваныя прадукты, у 12 магазінах груба парушаліся санітарныя нормы і правілы.
 

Напрыклад, у магазіне № 17 (вул. Рэчыцкая шаша, 4) у продажы знаходзілася 17 найменняў кулінарнай прадукцыі са скончаным тэрмінам прыгоднасці. Пры гэтым загадчыца магазіна з мэтай утойвання інфармацыі аб скончаным тэрміне прыгоднасці наклеіла на прадукцыю новыя маркіровачныя ярлыкі. Пратэрміноўка была выяўлена і ў магазіне № 25 (вул. Б.Царыкава, 5а).
 

У кулінарным цэху магазіна № 4 (вул. Савецкая, 97) былі ўстаноўленыя факты сістэматычнага выпуску кулінарнай прадукцыі з пратэрмінаванай сыравіны. З верасня 2012 года па студзень 2013-га з яе (вяндліна, каўбаса вараная, сасіскі, сыр, мяса птушкі) было выпушчана гатовай прадукцыі (салаты, бліны з начыннем, піца) на агульную суму 168,2 млн. рублёў, якая была рэалізавана ў гандлёвай сетцы таварыства. Некаторая прадукцыя не адпавядала рэцэптуры.
 

Па выніках праверкі разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці як самога таварыства, так і 55 вінаватых службовых асоб.

Алена Германовіч, БелаПАН