Кіраўнік МЗС Чэхіі: «Сябрам і саюзнікам Лукашэнкі няма чаго рабіць у Чэхіі»

Беларускага амбасадара выклікалі ў МЗС Чэхіі. Пра гэта ў «Твітары» напісаў міністр замежных спраў гэтай краіны Якуб Кулганек, паведамляе «Еўрарадыё».

depositphotos_63352741_l_2015_pic4_zoom_1500x1500_50425.jpg


Паводле яго слоў, гэта мера ў адказ на выклік чэшскага дыпламата ў Мінску. Нагодай для беларуска-чэшскай дыпламатычнай пікіроўкі стала высылка з Чэхіі кіраўніка Беларускай федэрацыі футбола (БФФ) Уладзіміра Базанава.
Кіраўнік чэшскага знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў пазіцыю, якую плануюць давесці беларускаму боку: «Сябрам і саюзнікам Лукашэнкі няма чаго рабіць у Чэхіі».
Таксама Кулганек паведаміў, што будзе крытыкаваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі на сённяшняй сустрэчы кіраўнікоў МЗС АБСЕ.
Уладзімір Базанаў прыляцеў у Чэхію з жаночай зборнай Беларусі па футболе. 30 лістапада чэшская паліцыя затрымала яго з жонкай. Афіцыйнай прычынай стала парушэнне каранцінных мер. 1 снежня пару выслалі з краіны. У той жа дзень МЗС Беларусі выклікаў часовага паверанага ў справах Чэхіі ў Беларусі Петэра Галаксу, выказаў пратэст і запатрабаваў тлумачэнняў інцыдэнту.
Сам Базанаў па вяртанні ў Беларусь заявіў, што чэшская паліцыя аказвала псіхалагічны ціск на яго з жонкай і што ён знаходзіўся ў Чэхіі на абсалютна законных падставах.
Раней Базанаў быў уключаны ў «чорны спіс» краін Балтыі.