«Колер Беларусі»: чуць, бачыць, разумець
Імпрэза з нагоды перавыдання кнігі Міхала Анемпадыстава адбудзецца 12 ліпеня.
“Колер Беларусі” стаў апошняй вялікай працай выбітнага дызайнера, мастака і паэта.
Кніга не толькі адкрывае новыя веды пра колеры, але і вучыць “думаць вачыма”. “На маю думку, гэта ўсё можна чытаць невербальна. Проста разглядаць гэтыя карцінкі на ўзроўні пачуццяў і асацыяцый, упадабанняў. Ці наадварот, штосьці можа не падабацца. Гэта цікавы і патрэбны занятак, якім мы рэдка займаемся. Мы развучыліся думаць вачыма…” —распавядаў Міхал Анемпадыстаў.
Увечары 12 ліпеня мы паспрабуем аб’яднаць словы, вобразы і музычныя імправізацыі, каб здолець убачыць, пачуць і зразумець сябе праз свет колераў, гісторыі і культуры.
У імпрэзе прымуць удзел актор Раман Падаляка, музыка Зміцер Лук’янчык і арганізатар кампаніі па выданні кнігі Тацяна Вадалажская.
“Колер Беларусі” — захапляльнае падарожжа ў Беларусь праз гісторыю і сучаснасць колераў. Гэта адна з першых спробаў прадставіць беларускую мінуўшчыну і сучаснасць праз яе колеры і адценні, прыродныя структуры, народжаныя пад уздзеяннямі трох стыхій.
Кніга ўбачыла свет дзякуючы сродкам, сабраным праз краўдфандынгавую платформу Ulej.by. На імпрэзу запрашаюцца ўсе ўдзельнікі кампаніі, каб атрымаць свае асобнікі, а таксама тыя, хто хочуць пазнаёміцца з кнігай і набыць яе.
Калі: 12 ліпеня, 19.00
Дзе: Культ. цэнтр КОРПУС (пр. Машэрава, 9)