Корбана, Сяргеенку і Жылко пакаралі арыштамі
Затрыманых 2 ліпеня ў Мінску актывістаў «Альтэрнатывы» Алега Корбана і Уладзіміра Сяргеенку па непадцверджанай афіцыйна інфармацыі невядомым чынам паспелі асудзіць.
![alternatyva.jpg alternatyva.jpg](/img/v1/news/full/alternatyva.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Суд Партызанскага раёна вынес пастанову аб пакаранні іх арыштам на 10 сутак кожнага за дробнае хуліганства. Праваабаронца Наста Лойка паведаміла аб гэтым на сваёй старонцы ў facebook. Зараз высвятляюцца акалічнасці адміністратыўнай справы і суду.
Актывіста Аб'яднанай грамадзянскай партыі Антона Жылко, затрыманага раніцай 3 ліпеня ў сваім доме, таксама прысудзілі да арышту.
Алега Корбана супрацоўнікі міліцыі забралі з кватэры раніцай 2 ліпеня і адвезлі ў Партызанскі РУУС Мінска.
Чакалася, што суды пройдуць сёння, 7 ліпеня.
Праваабаронцы звязваюць гэтыя затрыманні і суды са святкаваннем у Мінску 3 ліпеня афіцыйнага дня незалежнасці.