Краіну чакае мілітарызацыя
Кіраўнік Беларусі мае намер паставіць краіну пад ружжо. І ніякіх сродкаў для гэтага не шкада. У Лукашэнкі цяпер новая ідэя — стварыць апгрэйджаны варыянт арміі з упорам на тэрытарыяльныя войскі. Яна будзе налічваць каля 120–150 тысяч чалавек. Камандаваць рэгіянальнымі злучэннямі войскаў тэрытарыяльнай абароны будуць кіраўнікі абласцей і Мінска, у сувязі з чым апошнім і прысвоены высокія воінскія званні.
Кіраўнік Беларусі мае намер паставіць краіну пад ружжо. І ніякіх сродкаў для гэтага не шкада. У Лукашэнкі цяпер новая ідэя — стварыць апгрэйджаны варыянт арміі з упорам на
тэрытарыяльныя войскі. Яна будзе налічваць каля 120–150 тысяч чалавек. Камандаваць рэгіянальнымі злучэннямі войскаў тэрытарыяльнай абароны будуць кіраўнікі абласцей і Мінска, у сувязі з чым
апошнім і прысвоены высокія воінскія званні.
У сярэдзіне кастрычніка пачалася шырокамаштабная праверка сістэмы тэрытарыяльнай абароны краіны з мэтай ацэнкі яе эфектыўнасці. Фінальным акордам сталі сумесныя камандна-штабныя вучэнні войскаў
тэрытарыяльнай абароны з узброенымі сіламі, іншымі войскамі і воінскімі фарміраваннямі. Рысу вайсковым вучэнням Лукашэнка падвёў, заявіўшы аб намеры мілітарызаваць краіну. Паводле яго слоў, цяпер
тэрытарыяльная абарона павінна мець агульнадзяржаўны і ўсенародны характар.
А вертыкаль мусіць займацца не толькі гаспадарчымі і ідэалагічнымі пытаннямі, але і бяспекай краіны. Далейшае развіццё тэрытарыяльнай абароны і яе падрыхтоўка павінны быць цалкам падпарадкаваныя
патрабаванням сучаснасці, гэтыя сілы не павінны забяспечвацца матэрыяльнымі рэсурсамі па астаткаваму прынцыпу. І калі ў некага ў часы крызісу баліць галава пра тое, дзе ўзяць грошы на хлеб надзённы,
то такі чалавек зусім не дальнабачны. «Хто сёння разважае пра грошы, калі размова ідзе пра бяспеку, пра абарону, наўрад ці гэта нашы прыхільнікі, наўрад ці гэта людзі, якія хочуць захаваць
недатыкальнасць і незалежнасць краіны, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — …Я — прэзідэнт, вы мяне выбралі, і я буду прымаць рашэнні, трэба гэта ці не, мэтазгодна
ці не, дорага ці не. Я ўмею лічыць грошы. Я разбяруся сам, я больш інфармаваны чалавек».
Ён запэўніў, што ў Беларусі будзе прадоўжана падрыхтоўка Узброеных Сіл і сіл тэрытарыяльнай абароны: «Мы стварылі тэрытарыяльныя органы — гэта танней, чым мець прафесійную армію, і
мы будзем рыхтаваць нашых людзей. Праз год гэта будуць ідэальныя войскі, а ў ваенны час — 120 тысяч, ні многа ні мала». Кіраўнікам рэгіёнаў (губернатарам абласцей) прысвоеныя
генеральскія званні, бо ў ваенны час менавіта яны будуць адказваць як за функцыянаванне эканомікі, так і за пытанні абароны. Лукашэнка таксама дадаў, што ў тэрытарыяльныя фарміраванні будуць актыўна
прыцягвацца прадстаўнікі бізнэсу: «Яны павінны абараняць яшчэ і сваю ўласнасць, акрамя сям’і і зямлі. І гэта людзі вельмі падрыхтаваныя, і сярод іх вельмі шмат нашых ваенных
людзей».
Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі пакуль не схільны драматызаваць сітуацыю, маўляў, гаварыць аб стварэнні ваенізаванай вертыкалі зарана, але тэндэнцыя ўсё ж прасочваецца неаптымістычная.
«Першыя сакратары абкамаў у савецкі час на выпадак вайны таксама мелі званне генерал-лейтэнтаў. Так што кардынальна для краіны гэта не новае. Дакладна паўнамоцтвы новаяўленых
генерал-губернатараў пакуль не вядомыя. На маю думку, гэта падвысіць дысцыпліну ў вертыкалі, узмоцніць іх паўнамоцтвы. Мусіць быць прыняты яшчэ шэраг нарматыўных актаў для рэгулявання гэтых функцый,
— разважае Якаўлеўскі. — Але такія крокі сведчаць аб тым, што Беларусь пераходзіць ад аўтарытарызму да таталітарызму. Татальны кантроль, татальнае кіраўніцтва ўсім. І самае адметнае
— да гэтага прыцягваюцца бізнэсоўцы. Можна прадбачыць, што на ўтрыманне гэтага войска будзе ўведзены адмысловы падатак, а краіну ўвогуле чакае мілітарызацыя».
Людзі, датычныя да вайсковай справы, аптымізму кіраўніка дзяржавы аб супервойску не падтрымліваюць. З заходняга ад Беларусі боку (а менавіта Захад Лукашэнку палохае) — тэхналагічна моцнае
NATO. Супрацьпаставіць гэтай сіле можна толькі сучасныя сродкі СПА, авіяцыі, радыёэлектроннай галіны. Узровень беларускага рэгулярнага войска — дэмбелі не будуць спрачацца — сягае ў
бок шырокай паркава-гаспадарчай дзейнасці і страявой падрыхтоўкі. Тэрытарыяльная абарона тым больш рызыкуе выглядаць на манер партызанкі. Да таго ж было б цікава ведаць, ад каго канкрэтна рыхтуецца
бараніцца Беларусь. Не выключана, што вайсковыя патугі — метад пераключыць увагу з сацыяльных праблем на глабальныя. Але такі паварот пакуль выглядае як падкоп пад сябе. Падзеі бягучага года
і без таго ўшчэнт разбілі вобраз мірнай квітнеючай Беларусі, для замацавання эфекту засталося толькі накачаць мужчынскае насельніцтва думкамі аб вайсковым супраціве.
Ці праз такую ідэю ёсць намеры пашырыць сілавыя структуры і іх паўнамоцтвы? Прынамсі зварот да кіраўніцтва МУС дае неаптымістычную ўстаноўку на будучыню. «Міністру ўнутраных спраў трэба
забыць такія паняцці, як прыстойна-непрыстойна, як на нас паглядзяць, як нас ацэняць, дрэнна пра нас не напісалі б і не сказалі б. Гэта не справа міністра ўнутраных спраў. Гэта справа палітыкаў. А
ваша справа — строга і прынцыпова рэагаваць на любыя дзеянні, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — А то ў нас пачынаючы ад участковага да суддзі ўсе сталі палітыкамі.
Маўляў, мы прынялі б меры, але мы не ведаем, якая будзе на гэта рэакцыя міжнароднай грамадскасці. Што гэта за глупства такое? Вы ў мяне, калі ласка, не забірайце мае функцыі і паўнамоцтвы. Гэта я
буду потым разбірацца, як будзе рэагаваць міжнародная грамадскасць. Ваша задача — дзейнічаць строга ў адпаведнасці з законам і логікай развіцця нашага грамадства».
Каб не прыгнечваць змрочнымі прагнозамі, прыўнясём ноту гумару ад палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага: «Літаральна праз некалькі дзён пасля заявы стварыць у Беларусі тэрытарыяльную
абарону, у Расіі абвясцілі аб стварэнні касмічнай абароны. У Саюзнай дзяржаве цяпер будзе і партызанская абарона, і касмічная — ад марсіян. Увогуле, для Беларусі вайсковыя амбіцыі выглядаюць
як фарс».